100 гадоў КГБ. Чым яны РАНЕЙ займаліся?


ВЧК-ГПУ-НКВД-МГБ-КДБ. За стогадовую гісторыю галоўны орган дзяржаўнай бяспекі змяняў сваю назву неаднаразова. Сёння беларускія чэкісты адзначаюць прафесійнае свята: айчынны Камітэт дзяржаўнай бяспекі вядзе свой радавод з 1917-га года, калі ў Петраградзе з ініцыятывы Уладзіміра Леніна была створаная Усерасейская надзвычайная камісія ў барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам.

«Што перашкаджала змяніць літары, каб неяк хаця б фармальна адракліся ад гэтай спадчыны? Але ў нас у Беларусі гэтага не адбылося. Таму я ўпэўнены, што яны цалкам лічаць сябе нашчадкамі, яны адзначаюць юбілей не ад моманту стварэння беларускіх органаў, а ад моманту стварэння таго ВЧК», – кажа гісторык Зміцер Дрозд.

Першым кіраўніком ВЧК прызначылі Фелікса Дзяржынскага

Ён стаў ідэйным рэалізатарам і кіраўніком «чырвонага тэрору» – сёння насупраць будынку КГБ Беларусі красуецца ягоны бюст.

Фактычна ж з самага пачатку прыходу бальшавікоў да ўлады органы ВЧК распачалі масавыя рэпрэсіі супраць народу. Усяго ж за гады існавання савецкай дзяржавы карная машына ГПУ-НКВД знішчыла, паводле розных звестак, ад 3,5 да некалькіх дзясяткаў мільёнаў чалавек.

Асабліва ад рэпрэсіяў пацярпела інтэлігенцыя

Толькі за адную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га года ў сутарэннях унутранай турмы НКВД у Менску сталінскія карнікі забілі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай эліты. Пазасудовыя тройкі НКВД, якія выносілі ды выконвалі смяротныя прысуды на месцы, не літавалі ані сялянаў, ані навукоўцаў, ані святароў.

Віншуючы ж чэкістаў з прафесійным святам, найвышэйшае кіраўніцтва краіны маўчыць пра злачынствы, але гаворыць пра тое, што ў слаўным мінулым КДБ – нямала яркіх старонак.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: NG Collection / INTERFOTO / Forum