100 дзён Румаса. Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў кабінет міністраў


Беспрынцыповы ўрад, які не вылучаецца ўзорнай дысцыплінай, спрабуе ігнараваць непрыбытковыя прадпрыемствы, а таксама спыніў працу дзеля стварэння лепшых умоваў інвеставання. Кіраўнік краіны рэзка раскрытыкаваў кабінет міністраў Сяргея Румаса. І гэткім чынам па-свойму падвёў вынік першых ста дзён працы новага ўраду.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў пазітыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы – нізкая інфляцыя, а таксама прафіцыт замежнага гандлю. У той жа момант, ён жорстка запатрабаваў разабрацца з дапамогай неэфектыўным дзяржаўным прадпрыемствам, прыцягваць інвестыцыі ў краіну і павялічыць фінансаванне развіцця чалавечага капіталу.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Мяне здзіўляе перанятая ад папярэдняга складу ўрада беспрынцыповасць у выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Не прайшло і года з моманту маіх заўвагаў вашым папярэднікам, як па выніках дзевяці месяцаў работы ад новага прэм’ер-міністра атрымліваю ліст аналагічнага зместу з просьбай зняць з кантролю ўсё, амаль паўсотні даручэнняў як выкананыя, хоць да іх выканання далёка».

Не абышлося і без традыцыйных абяцанняў. Сярэдні заробак 500 долараў і валавы ўнутраны прадукт памерам 100 мільярдаў, таксама ў доларах, – дзве магічныя лічбы, якія вандруюць з адной прамовы Лукашэнкі ў другую. Відавочна, што гэта асноўныя крытэры для ацэнкі дзейнасці ўраду кіраўніком краіны. А як сітуацыю бачаць звычайныя беларусы? Ці змянілася іхнае жыццё пасля змены ўраду?

Жыхары Менску каментуюць:

«Вось падумайце. Я – Румас, вось мне далі… Што я магу зрабіць? Калі наверсе ёсць нехта большы, і ўсё залежыць толькі ад яго».

«Я бачу, што нічога не змянілася».

«Больш стабільная сітуацыя стала ў эканоміцы. То бок чалавек працуе».

«Даволі цяжка сказаць, бо 100 дзён – гэта не так шмат».

«У нас ёсць адзін чалавек, які ўсё вырашае».

Падобнай думкі прытрымліваюцца і эксперты. Паводле адмыслоўцаў, Сяргей Румас і ягоная каманда ёсць фактычна закладнікамі сітуацыі, бо не маюць уплыву на курс, якога ім даручана прытрымлівацца. Адпаведна, іхныя дзеянні мала адрозніваюцца ад таго, што рабіў папярэдні ўрад.

«Тут трэба казаць пра публічны ўзровень барацьбы прагматыкаў – рынкава арыентаваных чыноўнікаў з тымі людзьмі, якія супраць такога курсу – перш за ўсё сілавікамі, чырвонымі дырэктарамі, наменклатурнымі ВІПамі, якія і стварылі сістэму, што зацягвае Беларусь у даўгавую пастку», – гаворыць Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

На меркаванне адмыслоўцаў, гэткая пастка робіцца ўсё больш учэпістай. Прычына: пагаршэнне знешняй кан’юнктуры – рост дзяржаўнага доўгу і праблемы, якія перыядычна ўзнікаюць у дачыненнях як з Захадам, гэтак і з Расеяй. Як вынік, усё гэта не дае спадзявання на эканамічны бум.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Viktor Tolochko / Sputnik / POOL / TASS / FORUM