Жыхар Пінску Руслан Дарʼін атрымаў карту паляка адным з першых. Галоўнае – магчымасць свабодных сустрэчаў са сваякамі.
«Мы засумавалі па кантактах адзін з адным. Лісты – гэта зусім не тое, а калі асабісты кантакт – гэта зусім іншая справа», – кажа Руслан.
У Беларусі за 10 гадоў дзеяння ініцыятывы, да 2018-га года, будзе выдадзена каля 100 000 такіх картаў.
«Мы ад Польшчы адсталі нашмат. Там культура іншая, мне вельмі падабаецца. І на вуліцы, і ў крамах, і ўсюды-ўсюды. Там нават пахне нейкім іншым паветрам», – тлумачыць жыхар Глыбокага Даніл Ермаковіч.
Хоць ёсць і тыя, хто свядома адмовіўся браць карту – як жыхар Глыбокага Зміцер Лупач.
«Мяне заўсёды спыняла, што я сцвярджаю сваю прыналежнасць да польскага народу і прызнаю польскую мову сваёй роднай мовай», – даводзіць Зміцер.
Яна дае магчымасць бясплатнага атрымання візаў, права на працу і навучанне, розныя ільготы і фінансавую дапамогу.
«Мы лічым карту паляка выключна як маральны абавязак, як маральную кампенсацыю. Значная частка тых, хто валодае картаю паляка, не карыстаецца ёю насамрэч ці падыходзіць да гэтага, як да сімвала», – упэўнены Конрад Паўлік, амбасадар Польшчы ў Беларусі.
З амаль 100 000 уладальнікаў картаў паляка толькі каля 2000-3000 пераехалі ў Польшчу.
Але летась польскі Сейм прыняў папраўкі ў заканадаўства. Уладальнікі картаў паляка ўжо праз год пражывання могуць атрымаць грамадзянства.
А на працягу першых дзевяці месяцаў атрымліваюць дапамогу памерам Zł 1000. Чаканні Варшавы кажуць пра тое, што за дзесяць гадоў сюды пераедуць каля 200 000 этнічных палякаў з краінаў СНД і Балтыі. Таму карта паляка можа стаць нейкаю польскаю марай.
Карту паляка забаронена, напрыклад, атрымліваць дзяржаўным службоўцам.
«Мы, як ніхто іншы, зацікаўленыя суверэнітэтам Беларусі ды ўмацаваннем незалежнасці Беларусі», – супакойвае Конрад Паўлік.
Аб незалежнасці гучна кажуць і ўлады Беларусі. Аднак нізкія заработныя платы, рост коштаў, адсутнасць рэформаў і антыграмадзянскае заканадаўства прымушаюць шукаць лепшага.
Паводле звестак праграмы «Ла Страда», яшчэ ў 2013 годзе Польшчу выбіралі толькі 8 %, тады як Расею – 53 %. Але ўжо летась – 22 %, а Расею толькі 27 %.
Хоць большасць тых, хто выязджае на працу, не звязаныя з картаю паляка, якая так палохае афіцыйны Менск.
Але спрэчным застаецца пытанне непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў, навучання па-польску, падтрымання незалежных СМІ і дэмакратычных сілаў.
У той жа час афіцыйны Менск не выказвае асаблівага страху перад «русским миром» і міграцыяй беларусаў у Расею.
Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Filip Blazejowski / Gazeta Polska / Forum