Аб'ектыў 03.09.2017 «10 см за ноч». Галоўны вораг беларускага фермера


Пры Сталіне баршчэўнік масава саджалі як кармавую культуру. Цяпер расліна – галаўны боль для беларускай сельскай гаспадаркі.

Чатырохметровыя парасоны пустазелля выглядаюць як экзатычная расліны – яны выціскаюць з беларускіх палёў сельскагаспадарчыя культуры. Уладальнікі зямельных надзелаў у вёсцы Шуневічы пад Глыбокім кажуць, што «там, дзе расце баршчэўнік – ніякая трава не выжывае».

Каля дарог і скошвалі, і травілі, а так – да, гэта такая «тварь», што ой-ёй-ёй. Усё губіць, – кажуць вяскоўцы.

Небяспечны для раслінаў і для чалавека

На Віцебшчыне баршчэўнік – адна з найбольшых праблемаў фермераў: расліна тут займае больш за 2 тыс. га зямлі, а гэта – 70 % ад агульнай яе колькасці ў краіне. Прычына гэткага засілля расліны ў рэгіёне – сталінскае распараджэнне адмыслова вырошчваць яго ў СССР у якасці кармавой культуры.

Абавязвалі кожную гаспадарку пасеяць па 30–50 сотак гэтага баршчэўніку, – кажуць жыхары Шуневічаў. – У нас, каля нашай вёсцы там пасеялі, ну вось раней ён толькі там купіраваўся, а цяпер страшна – усе палі.

Акрамя моцнай каранёвай сістэмы, што не дае развівацца іншым раслінам, баршчэўнік шкодны для чалавека. Пры кантакце з лісцем або кветкамі расліны на скуры чалавека з’яўляюцца апёкі.

У кіраўнікоў раёнаў ёсць планы змагання з баршчэўнікам. Рэгулююць яго колькасць на Віцебшчыне з 2008-га года, тым не менш, істотна скараціць атрутнае пустазелле дасюль не ўдалося. Як адзначаюць адмыслоўцы, за ноч скошаная расліна здольная вырасці на 5-10 сантыметраў.

Кіраўнік глыбоцкай раённай інспекцыі Аляксандр Казак кажа, што ў раёне для барацьбы з баршчэўнікам «робіцца ўсё магчымае»

Тры разы касілі, на асобных участках труцілі хіміяй, аралі нанова, спрабавалі выкапаць, – кажа Казак. – Ужо канец сезону. Як кажуць, баршчэўнік сваю справу зрабіў: дзе скасілі, дзе не – у глебу насенне ўжо выкінуў.

Штогод на яго барацьбу з баршчэўнікам у некаторых раёнах вылучаюцца сродкі з абласнога бюджэту. Аднак выкас і хімічнае апрацоўванне дае толькі часовы вынік. Увесну насенне прарастае, і баршчэўнік патрабуе вынішчэння нанова.

Юлія Лабанава

Глядзі таксама
Каментары