Як прымусіць санкцыі працаваць?


Габрыелюс Ландсбергіс, міністр замежных справаў Літвы, напісаў заяву аб адстаўцы з-за транзіту калійных угнаенняў з «Беларуськалію» праз тэрыторыю краіны, які працягваецца, нягледзячы на амерыканскія санкцыі. Прэм’ер-міністр краіны прыме рашэнне па гэтым пытанні на наступным тыдні.

У Літве адразу два міністры, яшчэ і кіраўнік ведамства транспарту і камунікацый, заявілі аб гатоўнасці пайсці ў адстаўку з-за «рэпутацыйнай шкоды Літве». Прычынай стала сітуацыя з амерыканскімі санкцыямі ў адносінах да прадпрыемства «Беларуськалій». Яны пачалі дзеяць 8 снежня, аднак Літоўская чыгунка працягвае транспартаваць беларускія ўгнаенні – бо перавозка ўжо аплачана. Справа ў тым, што літоўскія банкі працуюць у доларавай сістэме, і калі яны будуць абслугоўваць кампаніі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, то праблемы могуць узнікнуць ужо ў іх саміх. І, паводле кіраўніка цэнтру расследаванняў «Сіена» Шарунаса Чарняўскаса, літоўскія чыгункі ўжо ўзялі на сябе ініцыятыву пошукаў альтэрнатывы ў такой сітуацыі.

«Там думаюць, як рабіць, каб нават пасля 8 снежня ў Літву паступалі плацяжы ад «Беларуськалію» за перавозку ўгнаенняў праз тэрыторыю Літвы».

У рукі журналістаў трапіла перапіска паміж Літоўскімі чыгункамі і аператарамі плацежных сістэмаў – прадстаўнік Чыгунак шукаў магчымасць абслугоўвання плацяжоў беларускага боку. Перапіска адбывалася ў кастрычніку і лістападзе. Гэта супярэчыла заявам міністра транспарту, які запэўніваў, што пасля пачатку дзеяння санкцый транзіт угнаенняў будзе спынены. Журналісты сумняваюцца, што міністр не ведаў аб гэтай ініцыятыве. Міністр замежных справаў Габрыелюс Ландсбергіс гатовы дзейнічаць рашуча.

Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

«Сёння ва ўрада няма магчымасці скасаваць дамову, якая ляжыць на яго стале. Ці будзе гэта? Я хачу ў гэта верыць».

У той жа час кіраўнік «Літоўскіх чыгунак» Мантас Бартушка звяртаецца да дзяржавы з пытаннем афіцыйнага дазволу на скасаванне стасункаў з «Беларуськаліем».

«Нам неабходна… юрыдычнае рашэнне дзяржаўных інстытутаў для таго, каб мы маглі спыніць дамову, бо інакш мы павінны выконваць міжнародныя абавязацельствы, і гэтае пытанне знаходзіцца ў руках дзяржавы».

Па словах Бартушкі, структура дзяржаўнай казны, з якой ён кансультаваўся, пацвердзіла, што з юрыдычнага пункту гледжання дзеянні прадпрыемства правільныя. Хаця палітолаг Віціс Юрконіс сцвярджае, што пры жаданні заўсёды можна знайсці выйсце.

«Мы павінны прызнаць, што ва ўсіх краінах, не толькі ў Літве ці Польшчы, ёсць куча юрыстаў, адвакатаў, кансультантаў, якія дапамагаюць кампаніям з аўтарытарных рэжымаў абыходзіць санкцыі… Ёсць куча дзеячаў унутры Еўропы, якім грошы не пахнуць».

Спадар Віціс адзначае, што пытанне невыканання санкцый тычыцца не толькі Літвы. Паводле яго слоў, у многіх еўрапейскіх краінах ёсць прыклады абыходу абмежаванняў або прамога іх ігнаравання. У якасці самага яскравага прыкладу ён прыводзіць нарвежскую кампанію «Яра», якая нягледзячы на ​​падтрымку дэмакратычных каштоўнасцяў і грамадзянскіх правоў, працягвае супрацоўнічаць з «Беларуськаліем».

«Не павінна быць у плане дэкларацый, рэзалюцый, чарговай канферэнцыі. Гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Гэта пытанне не толькі рэпутацыйнае. Гэтае пытанне нашмат шырэйшае: як мы ў будучыні будзем працаваць, жыць у суседстве з аўтарытарнымі краінамі».

Ці была гэта бюракратычная памылка або юрыдычная шчыліна для абыходу санкцый трэба будзе высветліць літоўскаму ўраду. Пакуль жа Ландсбергіс прызнае, што сітуацыя вельмі складаная з юрыдычнага гледзішча. А Міністр транспарту Марус Скуодзіс звярнуўся да ўрадавай камісіі з просьбай ацаніць дзейную дамову паміж Літоўскімі чыгункамі і «Беларуськаліем» на прадмет адпаведнасці нацыянальным інтарэсам Літвы. Прэмʼер-міністр Літвы Ігрыда Сіманітэ завіла, што не бачыць магчымасці працягу гэтага транзіту. І Габрыелюсу Ландсбергісу вельмі хацелася б прыспешыць канчатковае вырашэнне пытання.

«Я крыху шкадую аб тым, што гэтыя санкцыі, на жаль, носяць чыста тэарэтычны характар. Мы можам размахваць нядзейнай зброяй, колькі захочам».

Пасля таго, як выліўся скандал, міністр транспарту і камунікацый Літвы прапанаваў увесці нацыянальныя санкцыі супраць транзіту калійных угнаенняў з Беларусі праз тэрыторыю краіны.

Ніка Несцярэнка, «Белсат»