Калі ратуе пасярэдніцтва. Пра добрыя справы «Белсату»

«Белсат» паказвае людзям факты, якія хавае ўлада. Дае слова пакрыўджаным… Штодня мы кажам аб грамадзянскіх правах, аб законнасці і дэмакратыі… Беларускі рэжым пачаў кідаць нашых журналістаў у турмы і пазбавіў нас магчымасці здымаць на вуліцах гарадоў і запісаў у спіс экстрэмістаў. Але хто ёсць хто – паказваюць рэальныя справы.

Ужо больш за год беларус Мікалай Еўтушэнка жыве ў Польшчы. З нядаўняга часу – працуе ў друкарні і вучыцца па адукацыйнай праграме Каліноўскага. За плячыма – успаміны: выбары, пратэст, затрыманне, ізалятары, потым інтэрв’ю пра гэта і яшчэ большыя праблемы з сілавікамі… Мікалай зʼехаў у Польшчу ў дэпрэсіўным стане. Як на злосць, нагадала пра сябе і цяжкая хвароба.

«Калі здарылася такая сітуацыя, што ў мяне здарылася абвастрэнне і знайшліся людзі, якія хочуць дапамагчы, то для маіх бацькоў гэта стала прыемным момантам», – падзяліўся пачуццямі Мікалай.

Пра лёс Мікалая напісалі ў праекце «Белсату» – «Жыве». Спадарыня Люцына – беларуска, аднадумца і ўрач – убачыла артыкул і вырашыла дапамагчы.

«Я адчула, што гэта мой абавязак і я не магу інакш. Гэта мінімум, што я магу ў гэтай сітуацыі зрабіць. Я напісала паведамленне на «Белсат» і адразу атрымала адказ, што са мной скантактуюцца».

Гаворка не толькі пра лячэнне хваробы… Уратавала псіхалагічная падтрымка. Гэта толькі адна з гісторыяў, у якіх «Белсат» дапамагае.

«Беларус беларусу» – праграма, якую стваралі дзеля падтрымання ўсіх землякоў. У выніку – праект служыць семʼям пацярпелых за палітычныя погляды.

Не гледзячы на тое, што ўлетку камандзе давялося ўцякаць ад арыштаў, праграмы выходзілі без прабелаў у графіку.

«Нашыя героі ў канцы перадачы загадвалі жаданне або казалі аб сваёй мары. Пасля да нас звярталіся гледачы і рэалізоўвалі гэтую мару ці жаданне».

Адныя звяртаюцца за дапамогай, іншыя – каб дапамагчы героям. Грошы на харчы, на вазок, ці на падарожжа ў цёплую краіну… Дапамога прыходзіла ў той жа дзень, праз тыдзень ці месяц.

Беларус беларусу. Графіка: Белсат

«Мяне вельмі ўражвае, што героі, якія атрымалі падтрымку ад нашых гледачоў, ад сваіх аднадумцаў, яны потым дапамагаюць іншым. Атрымліваецца такі ланцужок дабра беларускага ў сусвеце», – цешыцца Валярына Кустава.

Салідарнасць ананімна праяўляюць беларусы ўнутры краіны і больш адкрыта – у дыяспары. Раніца ў такіх людзей пачынаецца з прагляду навінаў, а таксама – інфармаванне незалежных медыяў праз чат-боты.

Спадарыня Люцына (урач з Варшавы) кажа:

«Я чаму наогул сачу за дзейнасцю «Белсату»… Для нас гэта святло ў вакно. Гэта магчымасць даведацца пра свежыя праўдзівыя навіны аб тым, што адбываецца цяпер у Беларусі».

На «Белсат» часам спасылаюцца нават чыноўнікі:

«З ініцыятывы ААТ «Націвіта» аб пераносе тэндару па чатырох пазіцыях са снежня… – «Націвіта» хай верне ўсё, пра што напісаў «Белсат»! І падаць на іх у суд пры неабходнасці», – запатрабаваў адзін з удзельнікаў паседжання закупачнай камісіі.

Дзякуючы расследаванню журналісткі Вольгі Ратміравай Міністэрства аховы здароўя адсудзіла 8 мільёнаў долараў у фармацэўтычнай кампаніі «Націвіта». Журналістка сёння атрымала за матэрыял прэмію – не ад міністра, ад Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая цяпер таксама працуе за мяжой.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама