Эстонія адгароджваецца ад Расеі


Еўракамісія прапанавала даць Польшчы, Літве і Латвіі права рэгістраваць прашэнні аб прытулку на працягу чатырох тыдняў. Сёння правілы Еўразвязу вылучаюць на гэтую працэдуру ўсяго 10 дзён. Папраўкі таксама дазволяць тром краінам не везці зарэгістраваных просьбітаў прытулку ў спецыяльныя цэнтры, а трымаць іх на мяжы на працягу чатырох месяцаў. Тым часам Польшча і краіны Балтыі актыўна будуюць бар’еры на вонкавых межах ЕЗ. Пра тое, як гэта адбываецца, з Эстоніі раскажа Аляксандр Папко.

За перасохлым рэчышчам ракі Нарвы месціцца Расея. Мы стаім у Эстоніі. Калючы дрот на беразе нацягнулі ўсяго некалькі дзён таму. Прычынай яго зʼяўлення стаў міграцыйны крызіс, справакаваны ўладамі Беларусі. Умацоўваць мяжу эстонскія ўлады адправілі вайскоўцаў і рэзервістаў – удзельнікаў рэгулярных мабілізацыйных вучэнняў «Шып». З рэзерву прызвалі амаль 1700 чалавек.

«Мабілізацыйныя вучэнні павінныя былі адбыцца ў любым выпадку. Незадоўга да іх пачатку мы паглядзелі на сітуацыю на мяжы Беларусі з Польшчай, Латвіяй і Літвой і выказалі здагадку, што мы можам сутыкнуцца з такой жа праблемай з боку Расеі. Таму мы скарэктавалі сцэнар вучэнняў. Мы вырашылі пабудаваць нешта канкрэтнае. Калі б мы будавалі аналагічныя агароджы на палігоне, наўпроставай карысці для дзяржавы не было б», – патлумачыў камандуючы Сіламі абароны Эстоніі Марцін Хэрэм.

Працягласць эстонска-расейскай мяжы – 294 кіламетры. Яна ўсяго на чвэрць карацейшая за мяжу Польшчы з Беларуссю, дзе на пачатку лістапада ўлады Беларусі сабралі каля чатырох тысяч мігрантаў з Блізкага Усходу. Эстонскія вайскоўцы ўсталявалі агароджы толькі на некалькіх участках, якія раней выкарыстоўвалі кантрабандысты.

«Мы закрылі драцянымі агароджамі прыкладна 25 кіламетраў нашай мяжы. Цяпер мы абсталёўваем мяжу паскоранымі тэмпамі. Гэты працэс ідзе ўжо больш за 10 гадоў. Мы ўсталёўваем камеры, радары, размяшчаем беспілотныя апараты. А калючы дрот – гэта толькі часовая мера на тых участках, якія мы яшчэ не абсталявалі», – распавёў начальнік памежнага пераходу ў Нарве Эрык Лііва.

Эстонскія вайскоўцы ўсталёўваюць забор на мяжы з Расеяй.
Фота: Taavi Seep / Delfi.ee

Пакуль міграцыйную сітуацыю памежнікі ацэньваюць як спакойную.

«У гэтым годзе было некалькі спробаў нелегальнага перасячэння мяжы – якраз на тых участках, якія мы ўмацавалі разам з войскам. Але я не магу сказаць, што нядаўні крызіс неяк паўплываў на нашую штодзённую працу», – прызнаўся Эрык Лііва.

У студзені – кастрычніку праз тэрыторыю ўсходніх суседзяў у ЕЗ нелегальна прыбылі каля 8000 чалавек. Гэта ў два разы менш за плыні нерэгулярнай міграцыі, якія ідуць у Еўразвяз праз Канарскія выспы, Марока і мяжу з Турцыяй, а таксама ў шэсць разоў менш, чым патокі праз Італію і Балканы. Аднак рост на ўсходнееўрапейскім кірунку найбольш значны – у 15 разоў. Кіраўнік памежнай службы Еўразвязу Фабрыс Лежэры нядаўна падкрэсліў, што мігрантамі сталі маніпуляваць урады, якія жадаюць націснуць на аб’яднаную Еўропу.

«У адрозненне ад Беларусі, Расеі нікога не трэба прывозіць самалётамі. Дастаткова актывізаваць людзей на сваёй тэрыторыі, якія жадаюць нелегальна трапіць у Еўропу, а затым прывесці іх да мяжы цягнікамі ці аўтобусамі. З гэтай пагрозай трэба лічыцца, як і з іншымі пагрозамі, якія зыходзяць ад дзеянняў расейскага войска і спецслужбаў», – зазначыў эксперт парталу Defence24.pl Яцэк Раўба.

Рэзкае пашырэнне плыні нерэгулярнай міграцыі на межах ЕЗ з Расеяй адбылося толькі аднойчы. У 2015 годзе праз Расею ў Нарвегію і Фінляндыю без візаў на працягу трох месяцаў перабраліся 6 тысяч чалавек. Да паўтарэння падобнага крызісу Эстонія гатовая – запэўніваюць вайскоўцы.

«У выпадку сурʼёзнай небяспекі мы б не сталі абмяжоўвацца такімі агароджамі і ўмацавалі мяжу значна лепш. У гэтых вучэннях задзеяныя і іншыя падраздзяленні, якія таксама здольныя дапамагчы», – падкрэсліў Марцін Хэрэм.

У параўнанні даковідным 2019 годам, колькасць нелегальных перасячэнняў межаў вырасла на 18 адсоткаў – паведамляе памежная служба ЕЗ. Каб супрацьстаяць нерэгулярнай міграцыі, агароджы і сцены будуюць 9 краінаў Еўразвязу. Сярод іх Грэцыя, Балгарыя, Аўстрыя, Вугоршчына, краіны Балтыі і Польшча. У будаўніцтве агароджы ля мяжы з Беларуссю польскім вайскоўцам дапамагаюць эстонскія калегі. Тактычная група з 70-ці чалавек прабудзе ў Польшчы да канца года.

Аляксандр Папко, «Белсат»