БССР выступала супраць катаванняў. Рэспубліка Беларусь увяла іх у практыку

Сёння сусветны дзень правоў чалавека. 73 гады таму Генеральная Асамблея ААН ухваліла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Яна замацавала шэраг грунтоўных правоў і свабод для кожнага чалавека, ня гледзячы на яго сацыяльнае становішча, веравызнанне ці колер скуры. Нашая краіна зрабіла вялікі ўнёсак у распрацоўку тэксту Дэкларацыі. Беларусь ратыфікавала асноўныя канвенцыі і міжнародныя дамовы ў галіне правоў чалавека, аднак сітуацыю з правамі чалавека праваабаронцы характарызуюць як прававы калапс.

Былы каардынатар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай з Наваполацку Яўген Вільскі гуляе па Вільні, не баючыся, што будзе затрыманы. Сюды ён прыехаў у сакавіку, хаваючыся ад пераследу на радзіме. Напярэдадні выбараў ён апынуўся за кратамі, дзе пабачыў катаванні супраць затрыманых на паслявыбарчых акцыях пратэсту.

«Проста людзі стаялі начамі ў тых месцах дзе раней трымалі сабак. Усю ноч людзі стаялі, не маглі ні сесці, ні ўстаць. Найменшае абурэнне выклікала збіццё. Мы лічылі, што нам пашчасціла. Мы знаходзіліся ў камерах, у цяпле, а тых, хто заходзіўся на вуліцы проста збівалі», – узгадвае Яўген Вільскі.

У 1987 годзе БССР ратыфікавала Канвенцыю супраць катаванняў. Аднак катаванні супраць апанентаў улады ў сучаснай Беларусі – звычайная практыка. А семдзесят тры гады таму Беларусь была сярод тых, хто рыхтаваў праект Дэкларацыі правоў чалавека. Менавіта беларускі бок прапанаваў замацаваць прынцып роўнасці ўсіх перад законам.

«Міжнародная дэкларацыя правоў чалавека прынятая для кожнага чалавека гэтай планеты – і я хачу яшчэ раз нагадаць усяму чалавецтву: памятайце свае правы. Вам ніхто гэтыя правы ў рукі не дасць. За правы трэба змагацца», – падкрэсліла Алена Маслюкова з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Сёння беларусы вымушаныя бараніць тых, хто яшчэ нядаўна бараніў правы іншых. У Вільні адбылася акцыя падтрымання зняволеных праваабаронцаў «Вясны».

«7 праваабаронцаў «Вясны» сёння за кратамі. І, напрыклад, Марфа Рабкова была затрыманая ў верасні 20-га года. Яна ўжо пятнаццаць месяцаў за кратамі і яшчэ не было суда. 123 Апошнімі былі затрыманыя нашыя калегі Уладзімір, Валянцін і Алесь Бяляцкі. У ліпені. І амаль 5 месяцаў яны ў СІЗА застаюцца», – нагадвае прадстаўніца «Вясны» Наталля Сацункевіч.

«Я хачу, каб яны ведалі, што іхная барацьба за правы чалавека працягваецца, нават цяпер, што ўсё не дарэмна», – падкрэсліла ўдзельніца акцыі Дзіяна Пінчук.

Рэжым амаль цалкам знішчыў праваабарончыя арганізацыі, аднак ён не здолее знішчыць праваабарончую дзейнасць, упэўнены кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак:

«Сёння тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта спроба разбурыць інстытуцыйныя арганізацыі, якія на прафесійным узроўні займаюцца абаронай правоў чалавека, але гэты стыхійны, нізавы праваабарончы актывізм вынішчыць немагчыма. Усіх не перасадзіць!»

Пакуль у нашай краіне «не да законаў». Таму за кратамі разам з праваабаронцамі 909 палітзняволеных. Агульную сітуацыю з правамі чалавека праваабаронцы характарызуюць як прававы калапс.

«Сённяшняя сітуацыя – гэта суцэльны, татальны локдаўн правоў чалавека ў Беларусі, таму што вырашыла адысці ад усіх сваіх дамоўленасцяў, якія ў яе ёсць… Цывілізаваны свет таксама бачыць, што гэта проста зрыў з ланцугу – і беларуская ўлада ўжо не вернецца на тыя пазіцыі, якія былі зафіксаваныя ў свой час», – мяркуе Андрэй Стрыжак.

Бараніць свае правы ў Беларусі сёння амаль немагчыма. Аднак праваабаронцы раяць фіксаваць усе парушэнні. Яўген Вільскі, які ў Вільні ўдзельнічае ва ўсіх акцыях салідарнасці, перакананы: рана ці позна факты парушэнняў правоў чалавека атрымаюць праўныя ацэнкі, а датычныя да парушэнняў і катаванняў абавязкова панясуць пакаранне.

Антон Каменскі, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама