Беларусь – у міжнародным фокусе


Лукашэнка – дыктатар, які выкарыстоўвае мігрантаў у ганебнай гульні. Менавіта гэтак назваў самаагалошанага кіраўніка Беларусі новы канцлер Нямеччыны Олаф Шольц. Жорсткая рыторыка ў адносінах да афіцыйнага Менску, зрэшты, адной Нямеччынай не абмяжоўваецца. Тэма Беларусі, падаграваная і мігранцкім крызісам на беларуска-польскай мяжы і несупыннымі рэпрэсіямі ў самой краіне – у матэрыяле Валеры Руселіка.

У часе сустрэчы міністраў замежных справаў Польшчы і Нямеччыны, што адбылася сёння ў Варшаве, адным з важных пунктаў пытання еўрапейскае бяспекі ўзгадвалася і Беларусь. Гаворка пра міграцыйны крызіс, штучна створаны рэжымам Лукашэнкі на мяжы з Еўразвязам.

«Сёння мы абмеркавалі сітуацыю на польска-беларускай мяжы. Польшча выконвае свае абавязкі, што вынікаюць з ролі дзяржавы, якая ахоўвае вонкавую мяжу Шэнгенскае зоны, а таксама абшар адказнасці NATO», – адзначыў міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў.

Варшава і Берлін дамовіліся падтрымаць добраахвотнае вяртанне мігрантаў на іхную радзіму, а таксама, зважаючы на халоднае надвор’е, забяспечыць гуманітарную дапамогу мігрантам па абодва бакі польска-беларускай мяжы. Пры гэтым новая кіраўніца нямецкай дыпламатыі Аналена Бэрбак, вядомая жорсткай крытыкай на адрас Лукашэнкі, згадала і пра еўрапейскі «бізун» для афіцыйнага Менску.

«Мы выказваем поўную салідарнасць з Польшчай і краінамі Балтыі ў справе шантажу Лукашэнкі. Неадкладныя санкцыі дэманструюць першыя поспехі, і стратэгія Лукашэнкі ў шантажы мігрантамі не працуе!» – заявіла міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак.

На найвышэйшым палітычным узроўні неаднаразова прагучала тэма Беларусі сёння і ў часе Саміту за дэмакратыю, арганізаванага прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, у якім ад імя нашае краіны ў онлайн-рэжыме выступіла Святлана Ціханоўская.

«Беларусы не могуць сказаць, што мы зрабілі ўсё, што змаглі, і пайсці дадому. Мы не можам пайсці дадому. Наш дом захоплены. Пакуль мы не вернем яго, мы не спынімся. Спадарства, падтрыманне дэмакратыі, падтрыманне беларусаў – гэта працэс, а не дзеянне аднаго моманту. Міжнародная супольнасць нашмат мацнейшая, чым яна думае», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

І яшчэ адна рэмарка адносна ўзроўню беларускай тэмы ў міжнароднай павестцы. Напярэдадні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда запрасіў Святлану Ціханоўскую разам праслухаць онлайн-выступ Джо Байдэна. Таксама ўвечары кіраўнік Польшчы сустрэўся ў сваёй рэзідэнцыі з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў і беларускай дыяспары.

Валера Руселік, «Белсат»