У атэстаты вяртаецца адзнака за паводзіны


Не толькі пра веданне матэматыкі, фізікі ці біялогіі можна будзе прачытаць у атэстаце беларускага выпускніка. З гэтага года ў атэстаты вяртаецца адзнака за паводзіны. Але атэстат – гэта дакумент, які мае сведчыць выключна пра веды вучня, мяркуе былая настаўніца адной з менскіх школаў Марына Хоміч.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вось гэтыя ўсе адзнакі за паводзіны, на маю думку, абсалютна для таго, каб зрабіць дзяцей зручнымі. Спачатку вучняў – зручнымі для школы, потым – зручнай нацыяй для дзяржавы», – кажа Марына Хоміч.

Крытэрыям ацэньвання паводзінаў прысвечаны асобны раздзел у пастанове Міністэрства адукацыі пра атэстацыю вучняў. Усе патрабаванні да паводзінаў падзеленыя на сем частак, першая з якіх – грамадзянскасць. У кожнай узроставай групе ад вучня патрабуецца ў першую чаргу ведаць і паважаць дзяржаўныя сімвалы, актыўна ўдзельнічаць у справах класу, у дзіцячых і моладзевых арганізацыях. А ў старэйшых класах – яшчэ і мець актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Гледачы «Белсату» паставіліся да новаўвядзення іранічна:

«А чаму не ўвесці адразу графу “любоў да Правадыра”?»

«Я так разумею, варта трымацца воддаль ад выдатнікаў».

«Трэба яшчэ абавязкова вымяраць даўжыню языка (у будучыні можа спатрэбіцца)».

Беларуская школа не падтрымлівае дзяцей, кажа Дар’я, маці дваіх школьнікаў. Калі ейная дачка, выдатніца, трапіла ў непрыемную гісторыю па-за гімназіяй, замест падтрымання ў навучальнай установе дзяўчынка атрымала «нездавальняльна» за паводзіны, а сямʼя – пагрозы ад адміністрацыі.

«Калі я зайшла ў кабінет дырэктара, я чакала атрымаць нейкую дапамогу, а атрымала пагрозы і абразы, і патрабаванне напісаць заяву прамінулым днём, што дзіця ўжо на гэты момант не вучылася ў гімназіі», – распавядае Дарʼя.

Адзнака за паводзіны ў беларускай школе ёсць метадам ціску, мяркуе дачка Дарʼі, адзінаццацікласніца Настасся.

«Я запыталася ў яе: што, калі гэтая адзнака пойдзе ў атэстат? Яна адказала, што проста будуць усіх нязгодных касіць такім чынам. Вось што сказала мая дачка, што яна думае на гэты конт», – пераказвае Дарʼя словы Настассі.

Цяпер дзеці Дарʼі вучацца ў гімназіі ў Вільні. І адзнакаў за паводзіны ім не ставяць.

Абʼектыўна ацаніць паводзіны дзіцяці вельмі складана, нават маючы падрабязныя крытэрыі, адзначаюць адмыслоўцы.

«Ці могуць гэтым карыстацца настаўнікі ў сваіх нейкіх асабістых мэтах – вядома. Вылучаць сваё асабістае стаўленне – могуць. Ці можа адміністрацыя карыстацца – вядома. І дзяржава ў будучыні таксама», – перакананая Марына Хоміч.

Ацэнка паводзінаў кепска ўплывае на псіхіку дзіцяці, бо такім чынам выхоўваюцца залежныя паводзіны, дзіця пачынае падладжвацца пад наваколле, падкрэслівае псіхолаг Ала Марціновіч. Дзеці ж у Беларусі ўвогуле ёсць адною з праблемаў для цяперашніх уладаў.

«Дзеці ў нас актыўна выражаюць сваю пазіцыю. Ёсць шмат выпадкаў, калі яны малююць пратэставыя малюнкі і падыходзяць да задаўленых і заціснутых настаўнікаў і выказваюцца. І прыцягваюць семʼі, рэпрэсуюць за дзяцей і гэтак далей», – адзначае псіхолаг Ала Марціновіч.

Таму беларусам важна разумець, што ціск на дзяцей працягнецца, кажа псіхолаг. Выйсце для бацькоў і для дзяцей – не баяцца.

«Адзнака за паводзіны на сённяшні дзень не вызначае моманту паступлення для дзіцяці. То бок калі будзе кепская адзнака за паводзіны, то гэта не ёсць парушэннем закону, ці законам пра тое, што дзіця не возьмуць у ВНУ, такі закон Лукашэнка яшчэ не прыдумаў», – кажа Ала Марціновіч.

Таму яна раіць вывучаць законы, вучыцца адстойваць свае правы і не рэагаваць на запалохванні, адным з якіх і будзе адзнака за паводзіны ў атэстаце.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»