На парозе гуманітарнага крызісу


«Гэта праява дзяржаўнага тэрарызму» – так прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі назваў дзеянні афіцыйнага Менску на заходніх межах Беларусі. Па словах кіраўніка ўраду, беларускія ўлады выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці жывога шчыту.

Лагер не за калючым дротам, а перад ім. На апублікаваным Мінабароны Польшчы відэа побач з мігрантамі стаяць беларускія сілавікі. Гэта яшчэ адзін доказ штучнага характару міграцыйнага крызісу – кажуць у Польшчы, адказнасць за гэта ўскладаючы на кіраўнікоў Беларусі і Расеі.

Матэўш Маравецкі, прэм’ер-міністр Польшчы: «Неаімперальная палітыка Расеі развіваецца. Мы гэта добра бачым».

Польскія ўлады заклікаюць грамадзянаў падтрымаць войска і памежнікаў. Напярэдадні Дню Незалежнасці апублікавалі заклік ветэранаў Варшаўскага паўстання.

Марыюш Блашчак, міністр абароны Польшчы:

«Ужо каля 15 тысяч жаўнераў абараняюць нашую мяжу. Польскае войска, памежная служба і паліцыя кожнага дня выконваюць тытанічную працу па абароне Радзімы ад нападаў рэжыму Лукашэнкі. Яны павінныя адчуваць нашую падтрымку і павінныя ведаць, што за імі стаіць увесь народ».

У Варшаве ў сераду прымалі кіраўніка Еўрапейскай Рады Шарля Мішэля, які анансаваў увядзенне новых санкцыяў супраць Менску, магчымае блакаванне авіяпералётаў з краінаў Афрыкі і Далёкага Усходу, а кіраўнік польскага ўраду Матэўш Маравецкі не выключыў поўнага закрыцця польскае мяжы, у тым ліку для транзіту грузаў. Цяпер жа расце чарга на ўезд у Беларусь.

Сітуацыю на мяжы абмяркоўвалі праз тэлефон Уладзімір Пуцін і Ангела Меркель, якая пакідае пасаду канцлерка краіны, якую мігранты часта называюць канчатковаю мэтаю свайго падарожжа.

Штэфан Зайбэрт, прадстаўнік ураду Нямеччыны:

«Ангела Мэркель у размове з прэзідэнтам Пуціным падкрэсліла, што выкарыстанне беларускім рэжымам мігрантаў у якасці інструменту – бесчалавечнае і непрымальнае і папрасіла прэзідэнта Пуціна паўплываць на тое, што адбываецца».

Што такая заўвага ад Пуціна Лукашэнку – прагучыць – малаімаверна. Кіраўнікі беларускай і расейскай дыпламатыяў сёння заявілі, што крызіс на мяжы справакаваны дзеяннямі заходніх краінаў, якія паводзяць сябе небяспечна.

Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі: «Абвінавачванні Беларусі, што яна арганізоўвае такога роду патокі, яны абсалютна беспадстаўныя».

Сяргей Лаўроў, міністр замежных справаў Беларусі: «Так званыя «младоевропейцы» можна сказаць працягваюць цягнуць Еўропу і ў межах ЕЗ, і ў рамках НАТО ў бок нагнятання канфрантацыі і з Беларуссю, і Расейскай Федэрацыяй».

А вось з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі гучаць меней дыпламатычныя выказванні: «Тут заўсёды на гэтым кавалку зямлі, у цэнтры ўсе войны разгортваліся, адсюль усё пачыналася».

Вакол памежжа працягваецца супрацьстаянне палітычных сілаў, узмацняецца і гуманітарны крызіс. Паводле інфармацыі польскіх уладаў, на беларускім баку мяжы знаходзіцца ад 2 да 4 тысяч мігрантаў. За падарожжа ў беларускі лес людзі плацяць больш за дзесяць тысячаў еўра. Зрэшты, некаторым удалося апынуцца на польскай тэрыторыі, пасля сапраўдных пакутаў у Беларусі:

«Прыехалі беларускія міліцыянты, прыйшлі памежнікі, ставяць нас на калені, беларускі салдат мяне штурхнуў нагой у твар, так што я страціў прытомнасць прыкладна на пару хвілін, ён зламаў мне нос, асабовую костку і мае вочы распухлі вось так».

Еўрапейская Рада разгледзіць магчымасць фінансавання будаўніцтва інфраструктуры для абароны межаў Польшчы. Праз міграцыйны крызіс у Еўропе ўсё часцей гучаць заклікі да хутчэйшага ўвядзення пятага пакету санкцыяў супраць беларускага рэжыму. Якія, імаверна, не абмінуць кампанію «Белавія».

Ян Маравіцкі, Белсат