Мікола Саламаха: «Гэта ад бяссілля і злосці, і ад усведамлення таго, што нічога іншага Расея зрабіць не ў стане»


Раніца 10 кастрычніка, цэнтр Кіева ў самы час пік. Расейскія ракеты пацэлілі па важнай транспартавай развязцы недалёка ад Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паветраная трывога аб’яўленая па ўсёй тэрыторыі Украіны. Выбухі ў Львове, Дняпры, Харкаве, Жытоміры, Хмяльніцкім, гэтак жа і ў іншых буйных гарадах.

Жыхары Кіева распавядаюць:

«Абстрэлы не спыняюцца ні на дзень. Гэта тэрарызм».

«Насамрэч я думаю, што яны вырадкі. Вось і ўсё. Яны хочуць знішчыць нашых людзей, нашу інфраструктуру, усё».

«Хутчэй за ўсё, гэта помста за Крымскі мост, я так думаю. Гэтыя тэракты па ўсёй Украіне, гэта помста».

У выніку ўдару была пашкоджана Кіеўская цеплаэлектрастанцыя, электрастанцыі ў Львове, Харкаве, Хмяльніцкім і Запарожжы.Усяго каля 70 пунктаў, з якіх 29 – абʼекты крытычнай інфраструктуры, чатыры шматпавярховыя і 35 прыватных жылых будынкаў, а таксама адна школа. У многіх рэгіёнах адключылася электраэнергія і цяпло, перабоі з мабільнаю сувяззю ды інтэрнэтам.

«Гэта ад бяссілля і злосці, і ад усведамлення таго, што нічога іншага Расея зрабіць не ў стане. Бо рашэнне аб такім масіраваным выкарыстанні і ракет (якіх не так ужо шмат і засталося), і ўдарных дронаў з вялікай далёкасцю палёту прымалася на самым версе. То бок, гэта было асабістае рашэнне Пуціна», – кажа падпалкоўнік запасу Збройных сілаў Украіны Мікола Саламаха.

Украінскія ўлады паведамляюць пра 83 запускі ракетаў, сярод якіх – сістэмы «Калібр», «Тарнада», С-300, Х101 і Х555. Сілам супрацьракетнай абароны ўдалося збіць крыху менш за палову. Акрамя ракетаў расейскія войскі чарговы раз выкарыстоўвалі іранскія дроны-камікадзэ: запушчана 12, збілі – 9.

«Цяпер могуць быць перабоі з электрычнасцю, але ніколі не будзе перабояў з нашай упэўненасцю, упэўненасцю ў перамозе. Чаму такія ўдары? Бо яны хочуць, каб людзі спалохаліся і пабеглі – але бегчы мы можам толькі наперад, у атаку. Што і даказваем на полі бою», – кажа ў спецыяльным відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Сігнал паветранай трывогі бесперапынку гучаў у Кіеве больш за пяць з паловаю гадзінаў – рэкорд з пачатку поўнамаштабнай вайны. З прычыны ракетнага нападу ўпершыню з вясны сталічнае метро спыніла рух цягнікоў і стала бамбасховішчам.

Колькасць пацярпелых у выніку атакі ўвесь час удакладняецца. На гэты момант вядома пра амаль сто пацярпелых, больш за дзесяць чалавек загінулі.

У сувязі з высокаю верагоднасцю паўторных масіраваных удараў улады просяць украінцаў не выходзіць без патрэбы на вуліцы, а па магчымасці і зусім не пакідаць сховішча. Мець з сабой запас ежы і вады, цёплыя рэчы, максімальна заладаваць свае мабільныя тэлефоны.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»