Да чаго прывядзе забарона падвышаць цэны?


У Беларусі скарачаецца асартымент тавараў штодзённага попыту. Пра гэта паведамляюць эканамічныя выданні. З пачатку года з гандлёвых сетак знікла да траціны найменняў. А тыя, што засталіся, імкліва даражэюць. Улады Беларусі спрабуюць штучна стрымаць цэны. Ладзяць масавыя праверкі ў крамах, просяць грамадзянаў пісаць даносы і ўжо заводзяць крымінальныя справы супраць работнікаў гандлю. Чым можа абярнуцца такое ўмяшанне ў эканоміку для бізнесу і простых беларусаў? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На паліцах беларускіх крамаў тавараў усё меней – піша выданне «Белорусы и рынок». Асартымент зменшыўся на 10–30 адсоткаў. У першую чаргу – імпартнай прадукцыі. Бо пастаўляць яе робіцца ўсё даражэй. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч аднымі з найважнейшых прычынаў лічыць вайну і санкцыі.

«Калі Лукашэнка з Пуціным пляскаюць у ладкі і кажуць, што “як цудоўна, што мы сёння павялічваем цэны на энерганосьбіты, на прадукты харчавання, як дрэнна гэтым заходнім краінам!”, то гэтая інфляцыя, якая на Захадзе, спакойна прыязджае да нас», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Спрычыняецца да росту коштаў і тое, што не ўсе еўрапейскія банкі прымаюць плацяжы з Беларусі. Ды існуюць цяжкасці з дастаўкай тавараў з Еўропы. Стрымаць падвышэнне лікаў на цэнніках рэжым спрабуе каманднымі метадамі. І вінавацяць ва ўсім пасярэднікаў і хцівых гандляроў. Бізнесоўцы ж кажуць, што, акрамя кошту вытворчасці ды дастаўкі тавараў вымушаныя закладваць у цану магчымыя рызыкі.

«Калі ў краіне сярэднія стаўкі па крэдытах 20 і болей адсоткаў, калі нацыянальная валюта рэгулярна дэвальвуецца, калі высокая імавернасць нечаканага “прылёту” зверху, то бізнес для банальнага выжывання проста вымушаны закладваць гэтыя рызыкі ў цану прадукцыі. Інакш пры чарговым “перападвыпадверце” ён збанкрутуе», – ананімна расказаў нам уладальнік адной з беларускіх сетак крамаў.

А зверху зноў прылятае. Дзяржкантролю і сілавікам даручана маніторыць цэны. Створаны нумар гарачай лініі для даносаў на «нячэсных» прадаўцоў. Вядома пра больш за 10 крымінальных справаў, заведзеных праз завышэнне цэнаў. Такія дзеянні могуць прывесці да дэфіцыту і агульнага эканамічнага заняпаду – прадказваюць бізнесоўцы.

«Калі забароны не скасуюць, то проста пачнецца вымыванне асартыменту. Прасцей кажучы, так ці інакш мы рана ці позна прыйдзем да дэфіцыту, скарачэння эканамічнай актыўнасці, змяншэння колькасці занятых у эканоміцы і ўсяго, што ідзе за гэтым», – кажа ўладальнік сеткі крамаў.

Калі ўлады сур’ёзна возьмуцца за абмежаванне цэнаў, знікнуць з продажу могуць нават базавыя тавары, мяркуе бізнесовец Аляксандр Кныровіч. Бо бізнес не можа працаваць у мінус.

«Абʼём гэтага дэфіцыту залежыць ад ступені выканання гэтага даручэння. Каля яно будзе выконвацца на 100 адсоткаў, то дэфіцыт сапраўды будзе. Спачатку якасных імпартных прадуктаў, а потым – якасных айчынных. Пасля гэтага знікне грэчка і малако», – прадказвае Аляксандр Кныровіч

Тэарэтычна ўлады могуць спусціць ініцыятыву на тармазах, кажа бізнесовец. Так ужо здаралася з многімі паспешлівымі ды недарэчнымі рашэннямі. Напрыклад, рэжым адказаў на еўрапейскія санкцыі забаронай імпартаваць садавіну і гародніну з Еўразвязу. Але спіс забароненага ўвесь час скарачалі. Дазволілі нават польскія яблыкі ды грушы, імпарт якіх выклікаў незадаволенасць Лукашэнкі. Падобна, беларуская сельская гаспадарка не можа забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку. Магчыма, і гэтым разам улады скасуюць сваё рашэнне. Так, Лукашэнка сёння заявіў, што забарона – мера часовая.

«Галоўнае – гэта не забарона росту цэнаў! Чытайце дырэктыву! Галоўнае – выпрацаваць сістэму кантролю за цэнаўтварэннем!» – сказаў дыктатар падчас нарады з сілавікамі.

Калі рэжым сапраўды ўсталюе жорсткі кантроль за цэнаўтварэннем, Беларусь фактычна вернецца ў савецкі час, мяркуе Аляксандр Кныровіч. І нагадвае, што камандная эканоміка не здольная забяспечыць патрэбы людзей нават у базавых таварах.

Валянцін Васіленка, «Белсат»