Чым вайна ва Украіне пагражае Беларусі?


Украінская выведка сцвярджае, што Менск перадае свой так званы «недатыкальны запас» тэхнікі ды амуніцыі расейскім вайскоўцам, а бліжэйшым часам рыхтуецца прыняць і размясціць на сваёй тэрыторыі каля 20 000 мабілізаваных расейцаў. Тым часам прыхаваная мабілізацыя пачалася ўжо і ў Беларусі. Гэта сёння прызнаў Лукашэнка. Першая частка ягонай нарады з так званым сілавым блокам Беларусі прайшла пад традыцыйным лозунгам «наўкол ворагі!»

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ваенна-палітычнае кіраўніцтва Паўночнаатлантычнага Альянсу і шэрагу еўрапейскіх краінаў ужо адкрыта разглядаюць варыянты магчымай агрэсіі супраць нашай краіны. Аж да нанясення ядравага ўдару!» – абураўся Лукашэнка.

Пад «шэрагам еўрапейскіх краінаў» трэба разумець, у тым ліку, і Украіну. Відавочна, што нядаўні пажар на Крымскім мосце выклікаў у беларускага рэжыму істэрычную паніку. Таму на нарадзе Лукашэнка назваў украінскія ўлады «шалёнымі» і прыгразіў на ўсялякі выпадак страшнаю помстаю. Не ў адзіночку, вядома ж. Менавіта пра гэта ён доўга шаптаўся сам-насам з Пуціным падчас нядаўняй сустрэчы ў Пецярбургу. А акурат 10 кастрычніка абвясціў:

«У сувязі з абвастрэннем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы мы дамовіліся аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь».

Беларускае войска налічвае каля 60 000 чалавек. Колькасць расейскіх вайскоўцаў, якія ўжо цяпер размяшчаюцца ў Беларусі, афіцыйна не раскрываецца. Але чакаецца яшчэ каля да 20 000. Пра непасрэдны ўдзел беларусаў у гэтай вайне афіцыйныя звесткі таксама вельмі цьмяныя. На думку заснавальніка «Белага легіёну» Сяргея Бульбы, мабілізацыі ў нас пазбегчы наўрад ці атрымаецца.

«Яна не будзе такой публічнай, – мяркуе Сяргей Бульба. – Яна будзе з большага, што называецца, «пад дываном», каб людзі не так абураліся. І ўжо, відавочна, ідзе рэакцыя. Тыя ж беларускія чыноўнікі, даведаўшыся пра ўвесь гэты комплекс запланаваных мерапрыемстваў, – цяпер прыкідваюць, як бы гэта ўжо хутчэй уцячы з краіны».

З пачатку гэтага года Беларусь перакінула ў памежныя раёны шэсць батальённа-тактычных групаў – некалькі тысяч вайскоўцаў. У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі абвінавацілі Украіну ў тым, што з яе тэрыторыі «цэляцца ў беларускіх памежнікаў», «часам страляюць у паветра», узарвалі ўсе масты і замініравалі дарогі «на тры шэрагі».

А 8 кастрычніка ў беларускі МЗС быў запрошаны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, і яму была ўручаная нота. У дакуменце сцвярджалася, што Украіна рыхтуе нанесці ўдар па беларускай тэрыторыі. Украінскіх дыпламатаў гэткія заявы, здаецца, не здзівілі.

«Сярод блытаных тлумачэнняў прадстаўнікоў сілавога блоку не вельмі зразумела: хто і як пагражае непасрэдна Беларусі. Агульныя словы пра пагрозы, геапалітыку, NATO, суседнія краіны і гэтак далей. І што датычыць суўдзелу ў спецаперацыі – таксама: нібыта і бяром удзел у вайне супраць Украіны, але як бы і ні пры чым», – напісаў пасля Ігар Кізім на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Афіцыйны Кіеў мяркуе, што ўручэнне дыпламатычнай ноты можа быць часткаю нейкага правакацыйнага расейскага плану, а таму раіць Лукашэнку «перастаць патураць капрызам Крамля».

Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас таксама ўбачыў за ўсёй гэтай сітуацыяй «маскоўскія вушы».

«Замест тактычнай ядравай зброі актывізуецца Лукашэнка. Беларусь афіцыйна абвінаваціла Украіну ў рыхтаванні нападу на яе. Мэта – адвесці як мага больш украінскіх сілаў з фронту да мяжы з Беларуссю», – распавёў ён.

А Андрэй Картаполаў, старшыня камітэту ў справе абароны Дзярждумы Расеі, патлумачыў рашэнне разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на беларуска-ўкраінскай мяжы жаданнем усяго толькі «заспакоіць Аляксандра Рыгоравіча і беларускіх братоў».

Украінскі бок такое тлумачэнне, пэўна ж, не «заспакоіла».

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у звароце да расейскіх жаўнераў падкрэсліў, што «украінцам не патрэбная расейская зямля»:

«Нам дастаткова сваёй. І мы вернем яе ўсю. Мы гарантуем жыццё, бяспеку і справядлівасць усім, хто адмовіцца ваяваць неадкладна. І мы даб’емся трыбунала для тых, хто аддаваў злачынныя загады».

Тым часам Міністэрства абароны Кыргызстану адмяніла вучэбныя манеўры АДКБ з удзелам Беларусі. Камандна-штабныя вучэнні «Непарушнае брацтва – 2022» меліся прайсці з 10 да 14 кастрычніка. Але, напэўна, у сённяшніх умовах веры «непарушнаму брацтву» няма ўжо нават у колішніх саюзнікаў.

Марына Яновіч, «Белсат»