Чарлза ІІІ абвясцілі каралём


«Божа, беражы караля!» Вялікая Брытанія і ўвесь свет развітваюцца з Элізабэт Другой і вітаюць новага манарха. Чарлз Трэці сёння быў афіцыйна абвешчаны новым каралём.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чарлз ІІІ – новы кіраўнік Аб’яднанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірландыі. Першая за 70 гадоў цырымонія абвяшчэння новага караля, якую праводзіць Рада спадкаемства трона, прайшла ў Сэйнт-Джэймзкім палацы ў цэнтры Лондану. Усе прысутныя, акрамя цырымоніймайстра, апранутыя ў чорнае або пурпуровае – як сімвал смутку па памерлай каралеве. Упершыню падобная цырымонія транслявалася ў жывым эфіры. Пры ўзыходжанні на трон Элізабэт ІІ падобная магчымасць проста адсутнічала тэхнічна.

У парадку чарговасці пракламацыю падпісалі новы прынц Ўэльскі Ўільям, жонка новага манарха каралева-кансорт Каміла, лідар Палаты грамадаў і лорд – старшыня Рады Пэні Мордант, прэмʼер-міністр Брытаніі Ліз Трас і арцыбіскуп Кэнтэрбэрыйскі. Пасля афіцыйнага падпісання пракламацыі да прысутных у Сэйнт-Джэймзкім палацы выйшаў сам манарх:

«Кіраванне маёй маці не мела сабе роўных у працягласці, самаахвярнасці ды адданасці. Нават калі мы смуткуем, мы шчыра дзякуем ёй. Я глыбока ўсведамляю гэтую вялікую спадчыну, абавязкі ды выключную адказнасць суверэна, якія цяпер перайшлі да мяне. Прымаючы на сябе гэтыя абавязкі, я буду трымацца пакінутага мне ў спадчыну натхняльнага прыкладу канстытуцыйнага кіравання, буду імкнуцца да міру, гармоніі ды росквіту народаў гэтых астравоў і каралеўстваў ды тэрыторыяў Садружнасці ва ўсім свеце».

Затым Чарлз III з Бібліяй у руках вымавіў клятву каралеўству і кожнай яго частцы асобна: Англіі, Шатландыі, Ўэльсу і Паўночнай Ірландыі.

Асобна манарх прынёс традыцыйную клятву, у якой кароль абавязваецца ахоўваць царкву Шатландыі перад сябрамі Таемнай рады.

Перад прысутнымі ля палацу пракламацыю зачытвае каралеўскі геральдмайстар Дэвід Уайт:

«Прынц Чарлз Філіп Артур Джордж, пасля смерці нашай святой памяці каралевы стаў нашым адзіным законным і найсвятлейшым кіраўніком, Чарлзам Трэцім»

Былы прынц Уэльскі, які стаў сёння афіцыйна каралём Чарлзам ІІІ – старэйшы з чатырох дзяцей Элізабэт ІІ. Правёўшы ў статусе спадкаемца 70 гадоў, 73-гадовы Чарлз стаў найстарэйшым чалавекам, які калі-небудзь заступаў на брытанскі трон.

Дата каранацыі новага манарха яшчэ не вызначаная. Рыхтаванне цырымоніі можа заняць некалькі месяцаў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»