Пуцін амаль даціснуў Лукашэнку


Пасля 20-ці гадоў Лукашэнка, відаць, сказаў Пуціну канчатковае «так». Цяпер стасункі Беларусі і Расеі могуць выйсці на новы ўзровень.

«Прарыву» Расея чакае яшчэ з 2019-га, калі Лукашэнка адмовіўся падпісваць пакетнае ўзгадненне і сарваў свята Саюзнай дзяржавы. Дарэчы, спачатку гэта была 31 дарожная карта, альбо, як іх называюць цяпер, саюзная праграма. У выніку засталося толькі 28. Напярэдадні іх узгаднілі Лукашэнка з Пуціным, сёння ж ухвалілі кіраўнікі ніжэйшага ўзроўню – Саўмін Саюзнай дзяржавы. Першай супольную заяву старшыні ўраду Расеі Міхаіла Мішусціна і прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі апублікавала Расея.

«Гаворка не ідзе, каб аб’яднаць. Гаворка ідзе пра тое, каб уніфікаваць неяк і макраэканамічную палітыку, і эканамічнае заканадаўства, і ўзгадняць. Пытанне: ці ёсць там нейкія органы кантролю, ці кіравання, ці ўрэгулявання», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Пытанне аб органах кіравання паўстае не проста так. Апошнія перамовы ўрэгулявалі балючыя для Лукашэнкі моманты: кошты на расейскія энерганосьбіты. У наступным годзе газ для Беларусі будзе каштаваць, як і сёлета, – амаль у 5,5 разоў танней, чым для Еўропы. Увогуле рынкі газу, нафты і электраэнергетыкі стандартызуюць. Апрача ўсяго, без грошай Лукашэнка з Масквы не вярнуўся – да канца наступнага года Пуцін паабяцаў да шасцісот сарака мільёнаў долараў.

«Цяпер працэс рэалізацыі гэтай праграмы, я думаю, запатрабуе нашмат больш часу. Таму што будзе шмат канкрэтыкі, і ўсё гэта будзе натыкацца на тое, што інтарэсы бакоў не будуць супадаць», – кажа Валер Карбалевіч.

Саюз будзе кантраляваць галоўныя кірункі макраэканомікі: падаткі, мытня, плацежныя сістэмы, прамысловасць ды іншыя. Мішусцін абяцае пашырыць прысутнасць расейскага бізнесу ў Беларусі, а разам з гэтым і доступ для нашых прадпрыемстваў да расейскіх дзяржзакупаў. Паводле расейскага прэмʼера, гэта азначае супольныя прадпрыемствы, інвестыцыі і пашырэнне экспарту і імпарту ў два бакі.

«Нічога дрэннага для народаў Беларусі і Расеі ў гэтых праграмах няма і быць не магло. Усё накіравана, як было сказана прэзідэнтам Расеі, на рост дабрабыту нашага народу», – казаў у сваёй прамове Аляксандр Лукашэнка.

Як адгукнецца на дабрабыце народу тая ж вайсковая супраца – пытанне. Бо, сярод іншага, Лукашэнка з Пуціным дамовіліся асобна, у межах дамоваў АДКБ, абмеркаваць сітуацыю ў Афганістане. Ну а пасыл супольнага супраціву вонкавым пагрозам застаецца той самы.

«У дадзеным кантэксце, першачарговая важнасць – гарантаванне ўсебаковай бяспекі нашых краінаў і АДКБ у цэлым. Адзіную пазіцыю ў гэтым пытанні мы ўсе разам зацвердзім хутка на мерапрыемствах у Душанбэ», – папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Праграма інтэграцыі разлічаная да канца 2023-га года. А паўтара года на тое, каб правярнуць свой любімы манеўр – паабяцаць і адмовіцца, дастаткова, лічыць Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага Цэнтру Мізэса.

«Калі да канца гэтага года Лукашэнка не падпіша тыя дамовы, тыя рэчы, якія будзе адстойваць Крэмль, тады я мяркую, што нават газавая і нафтавая вайна могуць быць у снежні і студзені 2022-га года», – кажа Яраслаў Раманчук.

Пуцін з Лукашэнкам ужо развіталіся, а ў доўгай скрыні зноў засталіся пытанні адмены роўмінгу і адзінай валюты. Падпісанне ж картаў папярэдне плануецца 4-га лістапада.

Надзея Бельская, «Белсат»