На ліквідацыю БХК Мінюст прадставіў фальшывыя дакументы


Фальшыўка. Старшыня найстарэйшай праваабарончай арганізацыі Беларускі Хельсінкскі камітэт заявіў, што копіі дакументаў нібыта з ганарарамі для назіральнікаў – не вядома адкуль узяліся, а саміх папераў Алег Гулак не падпісваў. Але на іх падставе Мінюст патрабуе ліквідаваць БХК. Сёння ў Вярхоўным Судзе прайшло папярэдняе паседжанне ў гэтай справе.

Баранілі правы людзей, а цяпер самі мусяць бараніцца. Старшыня праваабарончай арганізацыі Беларускі Хельсінкскі камітэт Алег Гулак не можа вярнуцца на радзіму. У ліпені ў офісе БХК прайшоў ператрус. Цяпер Міністэрства юстыцыі намагаецца ліквідаваць арганізацыю ў Вярхоўным Судзе.

«На іхную думку, мы аплачвалі працу доўгатэрміновых назіральнікаў на выбарах. Дзве паперы аб двух такіх кейсах яны прадаставілі з падачы Следчага камітэту. Мы з гэтым пагадзіцца не можам», – заявіў старшыня БХК Алег Гулак.

Паводле Алега Гулака, копіі дакументаў нібыта з ганарарамі для назіральнікаў – узятыя з іншай крымінальнай справы і не атрымалі адпаведнай юрыдычнай ацэнкі.

З-за пераследу частка праваабаронцаў з’ехала з Беларусі. На радзіме шэраг іхных паплечнікаў – за кратамі. Іх прызналі палітвязнямі. Агулам у Беларусі 667 чалавек лічыцца палітзняволенымі. Улады намагаюцца скараціць гэты спіс, прымушаючы пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Тройчы прапаноўвалі і тройчы адмовілася пісаць прашэнне. Аб гэтым палітзняволеная беларуска са швейцарскім грамадзянствам Наталля Хершэ напісала ў лісце брату. Допісаў ад яе не было амаль чатыры месяцы, два месяцы жанчына правяла ў штрафным ізалятары за адмову шыць форму сілавікам.

«Яна вельмі сумленны чалавек. Яна не здзяйсняла таго ўчынку, у якім яе абвінавачваюць. Яна часткова прызнала сваю віну, тое, што яна ўдзельнічала ў маршы пратэсту жаночага, але той артыкул, паводле якога яе пакаралі, яна не здзяйсняла гэтага», – распавядае брат палітзняволенай Наталлі Хершэ Генадзь Касьян.

Наталлю Хершэ асудзілі на 2,5 гады пазбаўлення волі за супраціў супрацоўнікам МУС. Падчас леташняга жаночага маршу яна сцягнула з сілавіка балаклаву і выпадкова падрапала яму твар.

Тым часам суды працягваюць выносіць неабгрунтаваныя рашэнні. Затрыманых учора падчас дваровага маршу траіх менчукоў суд Фрунзенскага раёну пакараў соднямі ды штрафамі. А 19-гадовую дзяўчыну – штрафам на 2320 рублёў за «пікетаванне бел-чырвона-белымі валасамі».

Незаконныя рашэнні трэба абскарджваць, заклікае пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Андрэй Мачалаў. Ён аспрэчыў незаконныя рашэнні 15-ці адсоткаў сваіх падабаронных. Значнай большасці прысуды зменшыў. Немагчымасць аспрэчыць пакаранні – гэта стэрэатып.

«Гэта, праўда, абсалютны стэрэатып. Гэта не так. Тыя людзі, як паказвае практыка, якія ідуць да самага канца, а ў нас, як вядома, тры артыкулы абскарджання ў адміністратыўным працэсе, У большасці выпадкаў людзі дабіваюцца свайго», – кажа Андрэй Мачалаў.

Старшыня БХК ужо два месяцы па-за межамі Беларусі. Вяртацца на радзіму ён пакуль не плануе.

«Будзем глядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Той падыход, які мы цяпер бачым у судзе, ён можа быць небяспечны. Пабачым, як пойдзе гэта працэс», – кажа старшыня БХК Алег Гулак.

Асноўнае паседжанне аб ліквідацыі БХК у Вярхоўным Судзе адбудзецца 30 верасня. У працэсе ліквідацыі ці ліквідаваныя 240 недзяржаўных арганізацыяў, установаў і фондаў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»