Каму пагражае «Захад-2021»?


Пачалася актыўная фаза расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2021». У іх бяруць удзел каля двухсот тысяч вайскоўцаў. І беларускі і расейскі бок запэўніваюць суседзяў, што пагрозы ім не ствараюць, але пры гэтым выкарыстоўваюць розныя спосабы, каб стварыць напружанне ў заходніх краінах. Крэмль акрамя гэтага робіць захады дзеля пашырэння вайсковай прысутнасці Расеі на тэрыторыі нашай краіны.

Спачатку шыхтаванне і марш, потым залпы і дэсант. Сёння афіцыйна стартавала практычная частка стратэгічных вучэнняў «Захад-2021». На расейска-беларускія манеўры запрасілі вайскоўцаў з Казахстану, а таксама з Арменіі, Індыі, Кыргызстану і Манголіі. Узбекістан, Пакістан і Шры-Ланка даслалі афіцэраў для штабной часткі вучэнняў. Ёсць назіральнікі з Кітаю, В’етнаму і М’янмы.

Манеўры працягнуцца да чацвярга на 9-ці расейскіх палігонах, блізкіх да Беларусі, Украіны і краінаў Балтыі. Асабліва шмат выбухаў прагучыць у Калінінградскай вобласці.

А ў Беларусі – на палігонах Абуз-Лясноўскі, Берасцейскі, Чэпелева, Даманаўскі і Ружанскі – бліжэй да польскай мяжы.

2,5 тысячы расейцаў на беларускай зямлі будуць дапамагаць Мінабароны Беларусі ўмоўна знішчаць войскі «заходнікаў» – выдуманых дзяржаваў Нярыс, Паморыя і Палярная Рэспубліка, і розных тэрарыстаў-сепаратыстаў, якія ўзбунтаваліся супраць уладаў Рэспублікі Палессе і Цэнтральнай Федэрацыі.

У Кіеве гэтыя вучэнні ўспрымаюць як пагрозу бяспецы – вайна на Данбасе працягваецца.

«У параўнанні з ваеннай падрыхтоўкаю Расеі ўвесну гэтыя вучэнні значна менш маштабныя, і трывога, я мяркую, меншая. Плюс Украіна пасля 2017 года разгарнула егерскую брыгаду на мяжы з Беларуссю», – нагадвае Яўгеній Магда, дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі (Кіеў).

Іншая рэч, што пасля вучэнняў расейскія зенітчыкі застануцца ў Горадні, а расейскія самалёты Су-30 – пад Баранавічамі, і будуць ствараць там супольны вучэбна-баявы цэнтр.

«Залежнасць Беларусі ад Расеі ў вайсковай сферы павялічваецца. Расце расейская прысутнасць на тэрыторыі Беларусі. І беларуская армія ўсё больш інтэгруецца з арміяй Расеі», – падсумоўвае Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера».

Расейскія вайскоўцы застануцца ў тым ліку патруляваць беларускую паветраную прастору.

«Заснаванне гэтай базы на тэрыторыі Беларусі дае некаторыя дадатковыя перавагі Крамлю ў ціску на краіны Балтыі, Польшчу і ў цэлым краіны NATO», – тлумачыць Кірыл Шаміеў, запрошаны даследчык Універсітэту Нотынгему.

Гэтая квазі-база Расеі ў Беларусі можа прывесці да яшчэ большага росту напружання ў стасунках з Захадам, мяркуе Андрэй Казакевіч:

«Тады можна чакаць у адказ асіметрычнага кроку блоку NATO. І стварэнне адной базы ў Беларусі можа прывесці да стварэння трох базаў па перыметры расейскай мяжы, прынамсі ўздоўж Усходняй Еўропы».

Улады Літвы, Латвіі і Польшчы лічаць міграцыйны крызіс на сваіх межах з Беларуссю штучна створаным у выніку супрацы рэжыму Лукашэнкі з Масквой і ў межах вучэнняў «Захад-21», падкрэслівае Яўгеній Магда:

«Крызіс з уцекачамі, які дзейнічае на грамадства і літоўскае, і латвійскае, і польскае, і праз іх дзейнічае і на еўрапейскія структуры. Гэта расхістванне сітуацыі знутры, якое дазваляе інфармацыйнымі аперацыямі граць на ксенафобіі, на страхах перад магчымым тэрарызмам».

«Калі такія гібрыдныя дзеянні ўладаў Беларусі не зменяцца, то Польшча, увесь Еўразвяз і Паўночна-атлантычны Альянс будуць на гэта рэагаваць», – заявіў у інтэрв’ю «Белсату» Марцін Пшыдач, намеснік міністра замежных справаў Польшчы.

Міністры абароны краінаў Еўразвязу ўжо абмяркоўваюць выкарыстанне для абароны супольнай мяжы Баявых групаў Еўразвязу – тактычных фармаванняў пад агульным камандаваннем. А Польшча вывела на вучэнні бліжэй да беларускай мяжы механізаваную дывізію са Шчэціна – на выпадак абвастрэння сітуацыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»