Улады збіраюць кампрамат на сваіх


Татальнае праслухоўванне. Рэжым Лукашэнкі збірае кампрамат на ўсіх сілавікоў. Гэта стала зразумела з сакрэтных матэрыялаў, здабытых кіберпартызанамі і абнародаванымі «ByPol». Праслухоўваюцца тэлефоны і запісваюцца размовы міністра ўнутраных справаў, АМАПу, ГУБАЗікУ, Следчага камітэту і нават КДБ. Дзеля чаго ўлады гэта робяць, і што цяпер з гэтымі запісамі зробіць «ByPol»?

Аператыўныя супрацоўнікі міліцыі, следчыя АБЭЗ, работнікі Следчага камітэту, начальства КДБ і нават куратары – гэта далёка не поўны спіс тых, каго ўлады Беларусі таемна праслухоўвалі ды, верагодна, працягваюць праслухоўваць. Мэта: сабраць кампрамат на сілавікоў і трымаць яго на чорны дзень, калі прыйдзецца адкрыць тэчку і нагадаць работніку, што ягоная нелаяльнасць да Лукашэнкі можа каштаваць яму свабоды.

Аб‘яднанне «ByPol», створанае былымі сілавікамі, якія не пагадзіліся падтрымаць Лукашэнку падчас жнівеньскіх падзеяў і адразу пасля іх, паведамляе пра доступ да масіву інфармацыі з аўдыязапісамі. Гаворка пра сабраны з сакавіка 2020 года кампрамат на сілавікоў, які захоўваецца ва ўпраўленні ўласнай бяспекі МУС.

«Гэта самы вялікі зліў наогул у гісторыі органаў унутраных спраў і не толькі нашай краіны. Каб беларусы разумелі, што адбылося – выкрытыя базы Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці. Гэта самае сакрэтнае падраздзяленне МУС РБ. Менавіта гэта падраздзяленне на прафесійнай аснове займаецца сачэннем, праслухоўваннем і негалосным аглядам памяшканняў і аўтамабіляў грамадзян. Гэта значыць супрацоўнікі гэтага падраздзялення засакрэчаныя і ўся інфармацыя, якая захоўваецца ў гэтым падраздзяленні мае грыф «цалкам сакрэтна», – кажа Алег Талерчык з аб‘яднання экс-сілавікоў «ByPol».

У якасці доказаў атрымання гэтай інфармацыі «ByPol» апублікаваў 7 фрагментаў такіх размоваў. Адна з іх – размова камандзіра АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дзмітрыя Балабы і міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова.

«ByPol» таксама апублікаваў запіс рэгіянальнага начальніка АБЭЗ, які запытвае звесткі пра ўсіх рэпетытараў польскай мовы ў працаўніцы падатковай інспекцыі; кадэбэшнага куратара, які дае дырэктару экспартнай кампаніі ўказанні, з кім не трэба працаваць.

Заслугоўвае ўвагі і размова начальніка трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК Міхаіла Бедункевіча з намеснікам начальніка крымінальнай міліцыі Менскай вобласці Ігарам Качалавым. Апошняга, зыходзячы з размовы, цікавяць матэрыялы справы на тых, хто выходзіў у жніўні 2020 года пратэставаць у гарадах Менскай вобласці.

Яшчэ на адным запісе намеснік начальніка Следчага камітэту Менскай вобласці Валерый Калінін абураецца, што работнікі не гараць жаданнем расследаваць справы супраць пратэстоўцаў, а гэта, маўляў, псуе раскрывальнасць.

Доктар палітычных навук Павел Усаў кажа, што даволі не маленькая частка сілавых структураў прагаласавала за Ціханоўскую. І ва ўмовах, калі ў часткі работнікаў сістэмы было абсалюютна яснае прадстаўленне аб тым, што Лукашэнка сілай утрымлівае ўладу і прайграў гэтыя выбары стала зразумела, што частка людзей не стане ўдзельнічаць ні ў рэпрэсіях, ні ў фальсіфікацыях.

Выступаючы ўчора перад прэсай, Лукашэнка заявіў, што: «У цэлым шараханняў не было, але з некаторымі нам прыйдзецца разабрацца» .

Павел Усаў лічыць, што чысткі ў сілавых органах Беларусі ўжо адбываюцца, а на месца звольненых прымаюць раней скампраментаваўшых сябе супрацоўнікаў. Рэкрутуюць зноў тых, хто быў звольнены яшчэ падчас міністра Шуневіча. Хто быў падазраваны ці ў карупцыі, ці ў нядобрасумленным выкананні сваіх абавязкаў.

«ByPol» сцвярджае, што сілавікі, якія найбольш актыўна ўдзельнічалі ў задушэнні пратэсту, стаяць на асаблівым кантролі ва ўпраўленні ўласнай бяспекі. Кампрамат на іх збіраецца, каб у іх нават думкі не з’явілася перайсці на бок народу.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»