Міграцыйны крызіс. Новыя кірункі


Цяпер у Латвію і Польшчу. Пасля таго як літоўскія памежнікі пачалі вяртаць у Беларусь асобаў, што спрабуюць нелегальна перайсці мяжу, павелічэнне колькасці мігрантаў зазналі суседнія краіны.

Урад Латвіі прыняў рашэнне ўвесці ў некаторых памежных з Беларуссю мясцінах рэжым надзвычайнай сітуацыі. Для ўзмацнення аховы мяжы выкарыстаюць спецпадраздзяленні паліцыі ды нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі.

Толькі за апошнія содні на беларуска-латвійскай мяжы затрымалі каля двухсот асобаў.

Рэзкае павелічэнне колькасці мігрантаў латышскія памежнікі фіксуюць з канца мінулага тыдня, калі іхныя калегі з Літвы пачалі вяртаць парушальнікаў мяжы назад у Беларусь. Увядзенне рэжыму надзвычайнай сітуацыі дазволіць латышскім памежнікам дзеяць такім жа чынам.

У Літву ж ужо чацвёрты дзень не можа трапіць ніводзін мігрант, паведамляюць у Службе аховы дзяржаўнай мяжы. За апошнія содні памежнікі вярнулі ў Беларусь каля 100 асобаў. Аднак казаць пра пераадоленне міграцыйнага крызісу ўсё яшчэ не выпадае. Сёння на пазачарговай сесіі Сейму літоўскія дэпутаты разгледзелі законы аб дадатковых паўнамоцтвах для войска, а таксама будаўніцтве агароджы на мяжы з Беларуссю, якую цяпер плануюць узвесці цягам года.

«Усё змянілася ў лепшы бок, калі мы пастанавілі не пускаць. Мы не супраць таго, каб мігранты траплялі ў Літву, але для гэтага ёсць дыпламатычныя магчымасці праз дыпламатычныя прадстаўніцтвы ці пункты пропуску. Не трэба ісці ноччу праз лясы і балоты», – кажа дэпутат Сейму Літвы Альгірдас Сісас.

«Лукашэнка закладвае з мігрантамі вялікую міну запаволенага дзеяння. Бо ў Літву яны не трапяць, а мы ведаем, што іх ужо тысячы і тысячы ў Беларусі, і Лукашэнка робіць толькі горш сваёй краіне», – упэўнены Жыгімантас Павілёніс, старшыня Камітэту замежных справаў Сейму.

Беларускія ўлады абвінавачваюць літоўскіх памежнікаў у гвалце і бесчалавечным абыходжанні з мігрантамі.

На адным з відэа, як сцвярджаюць у Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі, літоўскія памежнікі вяртаюць на беларускую тэрыторыю цяжарную жанчыну ў непрытомным стане. Літоўскі бок у адказ апублікаваў свой запіс, на якім бачна, як жанчына хутка ўстае і сама працягвае шлях у бок беларускае мяжы.

Падвышэнне колькасці спробаў нелегальна трапіць у Еўрапейскі Звяз фіксуюць і памежнікі Польшчы. Толькі за выходныя ў Падляскім ваяводстве затрымалі некалькі вялікіх групаў грамадзянаў Іраку і Афганістану агульнай колькасцю 349 асобаў.

Між тым ірацкія авіякампаніі пачалі вывозіць сваіх грамадзянаў з тэрыторыі Беларусі. Сёння з Менску ў Багдад вылецеў «Боінг 777» ірацкіх авіялініяў з больш як трымастамі пасажырамі на борце.

Алесь Баразенка, «Белсат»