Гадавіна з дня смерці першай ахвяры пратэстаў

Год таму ў Менску сілавікі застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага. МУС адразу заявіла, што ў ягоных руках выбухнула невядомая прылада, але ў руках мужчыны нічога не было. Следчыя дагэтуль адмаўляюцца даваць удаве Тарайкоўскага інфармацыю пра гібель мужа. Хлопца, які сёння ўсклаў кветкі на месцы забойства Аляксандра, затрымалі.

10-га жніўня 2020-га года. Прыблізна 23-я гадзіна. Паслявыбарчыя пратэсты непадалёк станцыі метро «Пушкінская». Стрэл. Першая ахвяра. 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі. Сілавікі сцвярджалі, што ў мужчыны ў руках выбухнула бомба, якую той хацеў кінуць у іхны бок. Аднак відэа і фота з месца трагедыі гэта абвяргаюць. Што супрацоўнікі ўнутраных органаў стрэлілі ў бяззбройнага, прызнаў і Следчы камітэт, праўда, толькі праз паўгода і з удакладненнямі: «Сілавікі дзейнічалі выключна ў рамках наяўных у іх інструкцыяў».

«Сваймі дзеяннямі Тарайкоўскі правакаваў праваахоўнікаў, яны не ведалі ягоных сапраўдных матываў і мэтаў ягоных дзеянняў, а з улікам аператыўнай інфармацыі аб магчымых тэрактах, наяўнасці ў пратэстоўцаў выбуховых рэчываў, зброі ўспрымалі яго як рэальную пагрозу жыццю і здароўю як супрацоўнікаў, так і саміх пратэстоўцаў», – казаў тады Іван Наскевіч, які быў старшынём СК.

«Чым правакаваў?! Тым, што стаяў перад шэрагам праваахоўнікаў? З тых відэаматэрыялаў, якія былі агульнадаступнымі, ніякім чынам не вынікае, што на дзеянні Тарайкоўскага можна было законна адрэагаваць такім чынам», – адзначае старшыня Беларускага хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

Сям’я шукала Аляксандра больш за два дні пасля ягонай гібелі, бо ён лічыўся неапазнаным. Затым ягоным блізкім паведамілі, што ён памёр ад страты крыві. Паводле ўдавы Тарайкоўскага Алены, у межах справы дасылаюць адно адпіскі. У апошнім лісце папярэдзілі, што калі яшчэ раз будуць нейкія запыты з ейнага боку, то кантактаваць з ёй проста перастануць.

«Пасля гібелі Сашы я шмат што пераасэнсавала, у мяне на шмат што расплюшчыліся вочы. Калі да гэтага мы жылі ў краіне, дзе нас пераконвалі, што ў нас стабільнасць, то пасля жнівеньскіх падзеяў усё змянілася. Цяпер у нас усіх адно жаданне, каб не страшна было жыць у краіне, каб можна было будаваць нейкія планы на будучыню. Думаю, што ўсё вырашыцца, не ведаю, як і калі, але гэта не можа працягвацца доўга», – кажа жонка Аляксандра Тарайкоўскага Алена Герман.

Прайшоў год, але крымінальнай справы так і не завялі… як і па факце гібелі іншых ахвяраў рэжыму. Паводле праваабаронцаў, за ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі шэсць чалавек. Яшчэ 10 у гэты спіс дадае грамадства.

«Гэтая палітыка – замоўчваць злачынствы, якія адбываліся з боку супрацоўнікаў сілавых структураў: да сённяшняга дня так нічога і не зроблена. Спачатку гаварылі «потым, потым, потым», стваралі камісіі розныя… Зараз, учора, ад вышэйшых службовых асобаў мы пачулі, што не было там нічога такога, усё было нармальна», – кажа Алег Гулак.

На месцы трагедыі каля станцыі метро «Пушкінская» паўстаў народны мемарыял, куды менчукі прыносілі кветкі. Некалькі разоў мемарыял разбуралі, а тых, хто яго аднаўляў, каралі абмежаваннем і пазбаўленнем волі. У траўні на месцы гібелі Тарайкоўскага камунальнікі паставілі вялікую сметніцу.

Яшчэ год таму Генпракуратура стварыла міжведамасную камісію для расследавання абгрунтаванасці і адэкватнасці прымянення летась у жніўні спецыяльных сродкаў (агнястрэльнай зброі, святлошумавых гранатаў, слезацечнага газу), а таксама фактаў масавых катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі ў будынках аддзяленняў міліцыі, у ізалятарах, спецтранспарце. Беларускі Хельсінкскі камітэт накіраваў звароты ў парламент і Генеральную пракуратуру з просьбаю паведаміць пра вынікі працы камісіі. Аднак дагэтуль адказу – няма.

Каця Малей, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама