Рэпрэсіі прымушаюць журналістаў задумвацца аб эміграцыі


9 ліпеня на бабруйскую журналістку Марыну Маўчанаву ў літаральным сэнсе палявалі працаўнікі КДБ. Яны спрабавалі адсачыць месцазнаходжанне журналісткі паводле геалакацыі, памыліліся і пабеглі затрымліваць не таго чалавека. Тады сілавікі фактычна ўзялі ў закладнікі Марынінага мужа, каб прымусіць яе прыйсці да іх самой.

«І потым мяне таксама выклікалі і сказалі, што там муж у іх і запрасілі прыехаць у КДБ. Калі я прыехала, мужа адпусцілі, а мяне павезлі на ператрус, а пасля ператрусу павезлі на допыт. І быў допыт і падпіска аб неразгалошванні», – распавяла бабруйская журналістка Марына Маўчанава.

Ператрус і допыт у Марыны адбыўся ў межах крымінальнай справы, паводле якой журналістка праходзіць у якасці сведкі. На ўсё пайшло каля сямі гадзін. І гэта не першы раз, калі сілавікі апытваюць Марыну ў справе, да якой яна не мае ніякага дачынення.

«Адчуваю небяспеку, я не ведаю, чаго ад іх далей чакаць, я не адчуваю сябе ў бяспецы ў сваім доме. Я разумею, што яны могуць прыйсці проста ў кожны момант да мяне», – дзеліцца сваімі думкамі журналістка Марына Маўчанава.

Палітычная аглядальніца БелаПАН Таццяна Каравянкова таксама адчувала гэтую небяспеку і 9-га ліпеня з’ехала з Беларусі. Журналістку раней неаднойчы затрымлівалі, а ў яе дома праводзілі ператрусы. У 2018 годзе Таццяна Каравянкова была фігуранткай так званай справы БелТА. 14-га чэрвеня на брыфінгу МЗС журналістка задала пытанні Раману Пратасевічу і публічна выказала яму сваю падтрымку.

«Гэта цяжкае рашэнне, якое, я спадзявалася, ніколі не прыйдзецца прымаць і якое ўсяляк адцягвала, мы з рэдакцыяй у выніку прынялі літаральна за некалькі хвілін. На зборы спатрэбілася яшчэ дзве гадзіны. Цяпер мяне раздзірае ад зусім процілеглых пачуццяў і бясконцых пытанняў у галаве: стаў адʼезд праявай слабасці – або разважлівасці?» – напісала ў Facebook палітычная аглядальніца БелаПАН Таццяна Каравянкова.

Галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» і дзіцячых часопісаў «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!» Андрэй Дынько вырашыў не зʼязджаць. 8-га ліпеня сілавікі правялі ператрус з выманнем тэхнікі і друкаванай прадукцыі дома ў Андрэя, а самога журналіста затрымалі на семдзесят дзве гадзіны ў межах крымінальнай справы.

«Анджэй Пачобут застаўся, хаця яму прапаноўвалі зʼехаць з іншымі палякамі. Анджэліка Борыс таксама вырашыла застацца. Яго гэтыя рэчы стрымлівалі. Ён казаў, што вось гэтыя людзі сядзяць, маюць магчымасць і адмаўляюцца зʼехаць, а я пабягу. Ён казаў, калі зʼеду то, я то хто ж застанецца», – тлумачыць жонка журналістка Андрэя Дынько Наталля.

8-га і 9-га ліпеня сілавікі зладзілі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць незалежных беларускіх медыяў. Найбольшы ціск прыйшоўся на СМІ Віцебшчыны і Берасцейшчыны. У рэдакцыях і ў журналістаў прайшлі ператрусы, дзясяткі журналістаў дапыталі ў межах крымінальных справаў, а сямёра журналістаў затрымалі на семдзесят дзве гадзіны.

«Гэтыя людзі ўпэўнены і мы самі ўпэўнены, што мы нічога не парушаем, мы не крымінальнікі. Мы працуем, мы журналісты і тут раптам прыбягаюць ГУБОПікі, там розныя спецслужбы, КДБ і пачынаюць зачыстку», – тлумачыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Беларускай асацыяцыі журналістаў вядома пра выезд з Беларусі больш за 200 прадстаўнікоў медыяў. Пасля апошніх зачыстак гэтая лічба можа рэзка павялічыцца.

«За некалькі апошніх дзён улада зрабіла ўсё магчымае, каб людзі, якія нават і не збіраліся выязджаць з Беларусі, вельмі сурʼёзна паставілі перад сабой гэта пытанне. Фактычна цяпер, каб быць эфектыўнымі, рэдакцыя мусіць пакідаць краіну, не таму, што яны нешта парушалі, а таму, што ўнутры краіны заставацца абʼектыўна небяспечна», – робіць выснову Барыс Гарэцкі.

12 ліпеня ў Еўрапарламенце пройдзе абмеркаванне сітуацыі з незалежнымі медыямі ў Беларусі. Сярод пытанняў – падтрымка беларускіх журналістаў.

Ірына Карніенка, «Белсат»