Дзяржаўны тэрор адаб’ецца на эканоміцы


Інфляцыя разганяецца. Паводле Белстату, за мінулы месяц у параўнанні з леташнім чэрвенем рост цэнаў склаў ажно 9,9 %.

«Згодна з тым, што мы бачым у эканоміцы, планамі, інфляцыя будзе толькі разагравацца», – канстатуе эканаміст Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Агулам з пачатку года інфляцыя склала 5,8 %. Пры тым, урад прагназаваў, што за ўвесь 2021-ы рост цэнаў не перавысіць 5 %. Асабліва заўважная дынаміка цэнаў на запраўках. З пачатку года іх 20 разоў павышалі на адну капейку. Раслі і сусветныя цэны на нафту. Ці дапаможа гэта нафтаперапрацоўчым заводам?

«Мы ведаем таксама, што будуць праблемы з продажам паліва і нафты праз санкцыі. Думаю, што праз гэта цэны на паліва таксама павінны пайсці», – мяркуе эканаміст Уладзімір Кавалкін, аўтар праекту «Кошт ураду».

Паводле Яраслава Раманчука, цяпер Нацыянальны банк балансуе над тым, як агулам падтрымаць дзяржаўныя прадпрыемствы, і адначасова не дапусціць інфляцыі памерам у 15–20 %.

«Калі гэта будзе, гэта крыж на макраэканамічнай стабільнасці, якая была ў нас апошнія 2–3 гады», – дадае Яраслаў Раманчук.

Уладзімір Кавалкін мяркуе, што для эканомікі магчымыя два сцэнары, і абодва яны – негатыўныя. Пытанне толькі ў тым, ці будзе пагаршэнне павольным, ці ўсё ж – раптоўным.

«Калі працягнецца вось гэты тэрор у Беларусі, калі будзе надалей расці дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту, то імавернасць вось гэтага лавінавага сцэнару нарастае. І карэлюе з ростам дзяржаўнага тэрарызму і ростам укладанняў у мадэрнізацыю дзяржзаводаў, а мы ведаем, што гэта робіцца, каб распіліць грошы».

Паводле ж Яраслава Раманчука, рэжым можа шукаць інвестыцыі не ў заходнім свеце. Але ж і азіяцкія інвестары захочуць, каб іх укладанні былі выгаднымі, а для гэтага нават у перспектыве тым, хто ўтрымоўвае ўладу, давядзецца ісці на перамовы з Захадам.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»