Колькі ў сярэднім каштуе выпускны для школьнікаў?


Сёння ў Беларусі праходзяць святы развітання са школаю. Міліцыя анансавала дзяжурства групаў хуткага рэагавання і ўзмоцнены прапускны рэжым. Традыцыйна амаль паўсюль абмежавалі продаж алкаголю – праўда, у Менску здарылася лібералізацыя: дня цвярозасці ў сталіцы не было.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёлета выпускныя вечары ладзяць для 150 тысяч школьнікаў, якія скончылі дзявятыя і адзінаццатыя класы. Свята – пад пільным кантролем міліцыянтаў. Сілавікі дзяжураць у школах і на вуліцах, на ўваходзе ва ўстановы адукацыі праглядаюць асабістыя рэчы.

«Пасля афіцыйных урачыстасцей у рэгіёнах для моладзі запланаваны культурна-відовішчныя мерапрыемствы ў забаўляльных установах і іншых месцах адпачынку. Такія аб’екты таксама будуць узяты пад асаблівы кантроль», – паведаміў кіраўнік упраўлення правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня.

Традыцыйна амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі забаранілі продаж алкаголю, нягледзячы на тое, што ўсе, каму трэба, закупляюцца загадзя. Пастанову аб так званых днях цвярозасці прымаюць мясцовыя ўлады. У Менску пры гэтым – лібералізацыя, гандлю спіртным не абмяжоўвалі.

Шмат хто збіраўся адзначыць свята ў кавярнях ці рэстаранах, але чыноўнікі пастанавілі інакш. У навучальныя ўстановы спусцілі загад міністэрства адукацыі праводзіць выпускныя толькі ў школах. Падлеткі прызнаюцца, што гэткае ўмяшанне ўладаў расчаравала, бо рэстараны ўжо былі зарэзерваваныя, а таксама прыдбаныя адпаведныя строі.

«Гэта стала вельмі балюча для нас, таму што ўсе ўжо ўявілі, як гэта будзе прыгожа, ужо пачалі збіраць грошы на гэта, і ў адзін момант так усё памянялася. Купіў прыгожую сукенку і гарнітур – а ў выніку ідзеш адзначаць у сталовую сваёй школы», – распавяла «Белсату» выпускніца Ксенія.

Сабрацца на выпускны – справа дарагая. Некаторым бацькам давялося выдаткаваць на гэта цэлы заробак. Сукенка ці гарнітур, абутак, афармленне залаў, падарункі настаўнікам, святочны стол – на ўсё трэба грошы.

«Дзве пары туфляў, якія, магчыма, нават ні разу не апрануцца. Адзін раз на выпускны апранулі сукенку – таксама. Добра, калі будзе насіць, а, магчыма, і не. 150 рублёў – сукенка, 200 рублёў – туфлі, 50 рублёў здалі на сам вечар. 400 рублёў выдаткавана толькі на дзіця і плюс рублёў 100 – на ўпрыгожванне залы і падарункі настаўнікам», – кажа маці выпускніцы.

Шмат каму шкада такіх грошай. Іх можна было б аддаць на больш карысныя рэчы.

«Я б, напэўна, не марнавала грошы на выпускны, а выканала б мару і выдаткавала маме на новы тэлефон – той, які яна хацела, з добрай камерай, каб здымаць сваё хобі», – распавяла «Белсату» іншая выпускніца.

Выпускнікі прызнаюцца, што вайна ва Украіне паўплывала на іхныя планы. Шмат хто не адчувае той самай стабільнасці, пра якую ўсцяж гаворыць рэжым. У выніку ўчорашнія школьнікі збіраюцца з’ехаць і працягнуць навучанне за мяжой.

«Гэта было вялікім ударам для нас. Я памятаю, як зімой мы сядзелі ў класе, адкрылі навіны – гэта была раніца 24-га чысла – усе былі ў шоку, таму што ніхто не разумеў, што будзе далей, што нас чакае. Трэба сказаць, што вельмі шмат хто зʼязджае за мяжу, пераважна ў Польшчу», – прызнаецца Ксенія.

Шлях выпускнікоў да Еўропы сёлета стаў цяжэйшым: у 10 разоў падаражэла паслуга апастылю, ускладнілася атрыманне візы. Моладзь кажа, што цяпер багата няпэўнасці і невядома, што будзе далей.

Сяргей Крот, «Белсат»