Праграмісты пакідаюць Беларусь

З верасня да траўня Польшча выдала звыш 10 тысяч візаў праграмістам ды іхным сем’ям, ахвочым з’ехаць з Беларусі. Часам рэлакуюцца нават цэлымі фірмамі.

«125-ці фірмам Польскае агенцтва інвестыцыяў і гандлю дапамагло ў рэлакацыі. Іхны патэнцыял – гэта 1700 працаўнікоў, а таксама 60 мільёнаў еўраў вырабленых прадуктаў. Польскае агенцтва інвестыцыі і гандлю на гэты момант дапамагае яшчэ больш як 40-ка фірмам з праектамі на суму 60 мільёнаў еўраў», – кажа дырэктарка цэнтру «Govtech Polska».

Праграму дапамогі ў рэлакацыі «Poland Business Harbour» польскі ўрад запусціў у верасні. Паводле яе і праграмісты могуць бясплатна атрымаць візу і магчымасць знайсці працу, не звяртаючыся па дазвол. Паводле парталу dev.by, са жніўня з Беларусі з’ехалі больш за 10 тысяч праграмістаў. Палова абрала Польшчу. Папулярнымі кірункамі сталіся таксама Украіна і Літва.

«Кампаніі вельмі моцна дапамагаюць людзям тут асвоіцца: наймаюць нейкіх кансультантаў, дапамагаюць з афармленнем дакументаў, атрыманнем дазволу на жыхарства. Найбольшую ролю адыгрывае беларуская супольнасць тут, прасцей за ўсё атрымаць інфармацыю пра дзіцячыя садкі ды школы», – лічыць Сяргей, праграміст, які пераехаў у Польшчу.

ІТ-адмыслоўцаў са шматгадовым досведам працы да ад’езду падштурхнулі рэпрэсіі з боку ўладаў. Адкрыты ліст супраць фальсіфікацыі выбараў у жніўні 2020-га падпісалі дзве з паловаю тысячы менеджараў, інвестараў і распрацоўнікаў. Сілавікі ўчынілі ператрусы ў офісах «Яндекс» і Google ды распачалі крымінальную справу супраць кіраўнікоў кампаніі «PandaDoc», а ў траўні гэтага году – заблакавалі найбуйнейшы партал навінаў TUT.by.

Летась праз экспарт камп’ютарных паслугаў Беларусь зарабіла 2,5 мільярды долараў – больш, чым з экспарту малака, і толькі на траціну менш, чым ад продажу нафтапрадуктаў і калію. Амаль палову сваіх прадуктаў беларускія ІТ-адмыслоўцы прадаюць у адную краіну – ЗША.

ІТ-сектар – гэта аазіс развіцця ў стагнацыйнай эканоміцы Беларусі. Летась яго прадукцыя вырасла на 7 адсоткаў. «Інфармацыя і сувязь» сталася трэцім сектарам паводле ўнёску ў ВУП пасля прамысловасці і гандлю ды абагнала сельскую гаспадарку. За 10 гадоў колькасць адмыслоўцаў у ІТ-сферы павялічылася амаль удвая і дасягнула 134 тысяч асобаў.

«Калі гэтыя людзі з’язджаюць, то яны робяцца не працаўнікамі беларускай ІТ-кампаніі, а працаўнікамі заходняй фірмы або наўпрост вольнанаёмнымі. Калі ў мінулыя гады сектар рос хутка, то цяпер гэты рост станецца больш павольным або спыніцца», – лічыць Алег, праграміст, які пераехаў у Польшчу.

Кадравыя страты папоўняцца маладымі праграмістамі, але сектар адкоціцца на 10 гадоў назад – прагназуе наш другі суразмоўца Сяргей. Заходнія партнёры будуць успрымаць Беларусь толькі як рэзервуар працоўных рук. Яны не захочуць звязваць шматгадовыя праекты з фірмаю рызыкоўнай краіны. Пазітыўны досвед рэлакацыі беларускіх ІТ-адмыслоўцаў Варшава плануе выкарыстоўваць і для таго, каб прыцягнуць фірмы з іншае сферы.

Аляксандр Папко, Надзея Бельская, «Белсат»

Глядзі таксама