«Белсат» лідаруе на YouTube


У «Белсата» трайная радасць. Мы атрымалі ўжо ТРЭЦІ срэбны гузік ад YouTube! Відэасэрвіс ізноў адзначыў аб дасягненні 100 тысяч падпісантаў. Срэбную таблічку з лагатыпам сэрвісу за дасягненне ста тысячаў падпісантаў цяпер маюць каналы «Белсат News», «Вот Так» і «Белсат Life».

Тры Срэбраныя гузікі YouTube!

Два гады таму наш канал «Белсат News» стаў першым беларускамоўным каналам на YouTube, які атрымаў Срэбны гузік, а цяпер застаецца самым папулярным з беларускамоўных з амаль паловаю мільёна падпісантаў.

Пазней свой Срэбраны гузік атрымаў наш расейскамоўны канал «Вот так TV» з актуальнымі трымастамі тысяч падпісантаў, і вось – чарговая адзнака!

«Мы атрымалі срэбраны гузік для каналу «Белсат Life». Гэта канал, які распавядае пра простыя чалавечыя гісторыі, спорт, гумар. На беларускай мове і, вядома ж, без цэнзуры. Гэта наш трэці срэбраны гузік. YouTube уручае яго каналу, які дасягнуў 100 падпісантаў», – распавядае рэдактар YouTube-каналаў «Белсату» Міхась Аршынскі.

Агульная колькасць падпісантаў нашых ют’юб-каналаў перакрочыла лічбу адзін мільён, а ў колькасці праглядаў за травень у топ-30 беларускіх інфармацыйных каналаў трапілі адразу чатыры белсатаўскія.

«Калі казаць пра белсатаўскі YouTube, то на дадзены момант ён прадстаўлены 10 каналамі. Два з якіх новыя – «Белсат Now» і «БелсатDoc», – працягвае Міхась Аршынскі.

Наперадзе ў «Белсату» новыя праекты і гарызонты сярод якіх, напрыклад, Залаты гузік YouTube, які канал атрымлівае пасля дасягнення аднаго мільёну падпісчыкаў.

Алесь Баразенка, Белсат