«Мы ідзём у сур'ёзны крызіс». Колькі грошай пойдзе на месяц жыцця ў Літве?


Самым вялікім артыкулам выдаткаў для жыхароў Літвы, якія не маюць свайго жытла, стане арэнда. З пачаткам вайны ва Украіне кошты на кватэры значна выраслі і цяпер сярэдняя цана аднапакаёўкі са свежым рамонтам каля цэнтру Вільні складзе пяцьсот еўраў, або амаль тысячу восемсот беларускіх рублёў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёлета значна вырасла і камуналка. Напрыклад, за кватэру на 40 квадратаў сям’я з траіх асобаў у студзені магла заплаціць да трохсот еўраў. У арэнднай кватэры трэба яшчэ і лядоўню запоўніць. Гэты артыкул хатніх выдаткаў таксама пацяжэе. Больш за ўсё за апошні месяц падаражэлі сланечнікавы алей, бульба, смятана, памідоры, аўсяныя шматкі. Свініна падаражэла больш як на дваццаць адсоткаў, а курыца – амаль на траціну.

Параўнаем цэны на прадукты ў Літве і Беларусі. Кілаграм бульбы ў Літве будзе каштаваць каля трох рублёў, у Беларусі – удвая танней. Кілаграм курыцы – каля васьмі рублёў, а ў Беларусі – ад пяці. Малако ў Літве таннейшае – ад двух рублёў за літр, сланечнікавы алей у суседзяў даражэйшы ўдвая, а вось цэны на масла аднолькавыя – ад дваццаці васьмі рублёў за кілаграм.

«Мы ідзём у даволі сурʼёзны крызіс. Краіны, якія ваююць, – буйныя пастаўнікі харчоў, сыравіны, будаўнічых матэрыялаў. Усё, што цяпер адбываецца, уплывае на жыццёвы ўзровень не толькі ў краінах, што ваююць, але і ва ўсім рэгіёне», – кажа кіраўнік літоўскага парталу для маніторынгу цэнаў Арунас Візіцкас.

У Літве пайшлі ўгару і цэны на праезд у транспарце, на культурныя і побытавыя паслугі. Сем’і з дзецьмі мусяць плаціць і за адукацыю. Сярэднія цэны ў дзяржаўным садку – каля васьмідзесяці еўраў на дзіця. Праезны на грамадскі транспарт на 10 дзён – пятнаццаць еўраў.

Віленцы ацанілі свае месячныя выдаткі:

«Я лічу, што трэба зарабляць не менш за 1200 еўраў, каб можна было здымаць жытло і пракарміць сябе».

«Каб было годнае жыццё? Гэта столькі, колькі ў нас атрымліваюць, відаць, людзі, якія сядзяць на дзяржаўных крэслах. Мяркую, 1000 еўраў».

«Заробак ідзе 700 еўраў, гэта мінімальны, але для арэнды дому гэтага замала. Мы з мамай глядзелі дом і 1-пакаёвую кватэру каля 500 еўраў».

«Калі не браць арэнды, то 1000 еўраў дастаткова. 800-900 еўраў. Калі арандуеш, то гэтай сумы не стае».

Мінімальны ж заробак на рукі – каля сямісот еўраў, а сярэдні – каля тысячы еўраў. Ёсць звесткі, што дванаццаці адсоткам літоўцаў не стае грошай на ежу, а дзевятнаццаці адсоткам – на арэнду жытла.

«Наш урад прымае нейкія крокі, яны пакуль нясмелыя. Яны спрабуюць зрабіць столь для цэнаў на электрычнасць і газ. Чуў, што будуць індэксавацца на 5 % пенсіі. Пенсіі тут даволі малыя, відаць, 200-250 еўраў, і гэтыя 5 % не ўратуюць ад інфляцыі», – сцвярджае Арунас Візіцкас.

Паводле нашых разлікаў, беларусу, які пераехаў у Літву і не мае тут свайго жытла, з сумай менш за тысячу дзвесце еўраў або за чатыры тысячы трыста беларускіх рублёў на месяц жыць будзе цяжка.

Алёна Дубовік, «Белсат»