Лукашэнка вучыцца на расейскіх памылках


Аляксандр Лукашэнка здабывае навуку з вайны Расеі супраць Украіны. Аказалася, што зброя, якую планавалі набываць у Расеі ці мадэрнізаваць, асабліва не дапамагае. А вось што трэба тэрмінова мадэрнізаваць, дык гэта саму армію. Наколькі гэта магчыма ва ўмовах дыктатуры?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Без асаблівых кампліментаў у бок расейскай арміі. Аляксандр Лукашэнка сёння вучыцца на памылках хаўрусніка, якога вось ужо трэці месяц б’юць украінскія абаронцы.

«Яны пабачылі, што нават невялікая армія гатовая аказваць супраціў, выкарыстоўваючы перадавыя тэхналогіі ды перадавую тактыку, а калі гэтая армія ўзмацняецца маральным, палітычным і вайсковым падтрыманнем большасці дэмакратычных краінаў, то практычна гэтая армія робіцца непераможнаю», – перакананы вайсковы эксперт Сяргей Грабскі.

Падчас нарады пра дзяржаўную абаронную замову Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падзеі ва Украіне змусілі яго па-новаму паглядзець на беларускае войска і зразумець, што ўзбраенне, якое раней хацелі набыць, беларускаму войску не трэба: «Падкрэслю асабліва: калі танкі, то вельмі папулярныя сярод ваенных Т-72. Мадэрнізаваныя нашы танкі – добрае зброю. 017 А што тычыцца лёгкабраняваных аўтамабіляў «Кайман», таксама памятаеце – мы рабілі нахіл да таго, што ўсё-ткі наша армія павінна быць мабільнай. Зноў урок Украіны».

На сёння войска Беларусі налічвае каля 65-ці тысячаў чалавек і толькі 45 тысячаў з іх – беспасярэдне вайскоўцы. У страі – ад чатырохсот да пяцісот танкаў, у асноўным мадэрнізаваныя савецкія Т-72Б. Каля 4-ох соцень сучасных артылерыйскіх сістэмаў залпавага агню «Град», «Ураган», «Смерч», да 80-ці самалётаў і 40 верталётаў. Гэта частка ўзбраення. Шмат састарэлай савецкай тэхнікі закансервавана на складах.

«Усё гэта трэба мадэрнізаваць. Неяк мы адкладвалі, але падзеі паказалі, што цяпер ваююць інакш. На жаль, неабходных сродкаў, каб мадэрнізаваць усе сістэмы, у нас проста няма. І не прадбачыцца. Таму неабходна выбіраць нейкія асноўныя, галоўныя», – лічыць вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Але ці можна мадэрнізаваць беларускую армію?

«Яе можна мадэрнізаваць, але немагчыма мадэрнізаваць мазгі вайсковай эліты беларускай арміі. Бо ўкраінская армія ішла да таго стану больш за 30 гадоў», – упэўнены Сяргей Грабскі.

Ваюе не зброя, а добра падрыхтаваныя і матываваныя людзі – сведчыць украінскі досвед. А ў беларускім войску з гэтым праблемы. Сяргей – імя змененае дзеля бяспекі – дэмабілізаваўся з войска два гады таму. За год службы ён не засвоіў ніякай вайсковай прафесіі, а аўтамат трымаў аднойчы ды выстраліў з яго ўсяго 7 патронаў. Затое навучыўся націраць падлогу гуталінам.

«Фарбавалі гуталінам падлогу, калі якісьці быў касяк. Тым гуталінам, якім націраюць берцы. Камандзір роты так наказваў, ёсць такія палацёры, якімі падлогу націраюць, замест шампуню ты выкарыстоўваў гуталін, і гэта ўсё ўціраў, потым гэта адмываў. Занятак на цэлы дзень», – распавядае Сяргей.

Падчас нарады прыгадаў дыктатар і вучэнні NATO ля межаў Беларусі: «І фэйкі, развагі, здагадкі зʼяўляюцца розныя, мы гэта не хаваем. Журналісты мяне пра гэта ўжо пытаюцца. Было 3 тыс., а зараз пад 40 тыс. чалавек ля нашых межаў, і праводзяць маштабныя вучэнні».

З пачатку траўня каля 20-ці краінаў Еўропы і ЗША пачалі супольныя вучэнні Defender Europe-2022. Аднак колькасць войскаў удвая меншая, чымся называе Лукашэнка: усяго 18 тысяч жаўнераў. Каля 13-ці тысячаў чалавек сканцэнтраваныя ў суседніх Польшчы, Літве і Латвіі. Найбліжэйшыя палігоны – на адлегласці каля ста кіламетраў ад беларускае мяжы. А самыя манеўры не ўяўляюць небяспекі Беларусі, перакананыя вайсковыя эксперты.

«Усе вучэнні каля нашый межаў патэнцыйны небяспечныя, але казаць, што яны нападуць, было б вялікім перабольшваннем. Бо за Беларуссю стаіць ядравая дзяржава – Расея», – адзначыў Аляксандр Алесін.

Мы не агрэсары і ні на каго не збіраемся наступаць, заявіў Лукашэнка падчас нарады. Згадваць, што менавіта ён дазволіў выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для расейскага ўварвання ва Украіну, дыктатар па-ранейшаму не хоча.

Антон Каменскі, «Белсат»