«7 фотаздымкаў знайшлі. За кожны далі 15 содняў». Рэкорд у адседжаных соднях

Пасля 105 содняў арышту на волю выйшла жыхарка Гомля Анастасія Перавошчыкава. Яе судзілі 7 разоў, не выпускаючы з Буда-Кашалёўскага ізалятару. Рэкордны тэрмін Анастасіі міліцыянты патлумачылі ейнай маці так: «Больш няма на каго вешаць – хто з дзецьмі, хто з інваліднасцю, а хто за мяжой».

«Судзілі мяне за фотаздымкі, 7 фотаздымкаў знайшлі. У нейкіх чатах або сайтах, ну і нейкія сведкі паказалі, што на гэтых фотаздымках ёсць я. Хаця на фотаздымках не бачна твараў. За кожны фотаздымак мне далі 15 содняў», – кажа Анастасія Перавошчыкава пасля 105 содняў.

Пасля 1 красавіка ўмовы ў камеры Перавошчыкавай пагоршылі: адабралі матрацы, коўдры, падушкі, абмежавалі карыстанне кнігамі і пісьмовымі прыладамі.

«Я не рабіла нічога такога, што можна было б назваць дрэннымі дзеяннямі якімі-небудзь. За што можна было б караць. І, мне падаецца, калі людзей караюць за фотаздымкі з бчб-сцягам, гэта, мне падаецца, пацверджанне таго, што з ім трэба фатаграфавацца», – лічыць Анастасія Перавошчыкава.

Ціск працягваецца і на незалежныя медыі. У непрацоўны дзень рэдактар баранавіцкага выдання «Intex-press» атрымаў ад Беларускага дому друку апавяшчэнне аб скасаванні супрацы.

«Тое, што зараз адбываецца з «Intex-press», гэта тэрыторыя вольнага палявання – паляўнічыя заганяюць звера. Непрыкрыты прычым, відавочны ціск на выданне – адно з найлепшых рэгіянальных выданняў. І мы бачым, што гэты ціск адбываецца адразу з некалькіх бакоў», – каментуе старшыня БАЖу Андрэй Бастунец.

Праблемы ў «Intex-press» з’явіліся пасля публікацыі інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай 14 красавіка. Матэрыял прызналі экстрэмісцкім, рэдактара выдання Уладзіміра Янукевіча пакаралі штрафам 150 базавых. А саму газету адмовілася прадаваць большасць буйных гандлёвых сетак гораду. Пасля леташніх выбараў праблемы з друкам адчулі «Народная воля», «Свободные новости Плюс», «Белгазета», «Комсомольская правда» в Беларуси», «Брестская газета», «Газета Слонімская».

«Усе яны, акрамя «Камсамольскай праўды», не змаглі працягнуць пакуль што свой выпуск у друкаванай форме і перайшлі ў інтэрнэт. І я думаю, што хутчэй за ўсё такі шлях чакае і «Intex-press», – лічыць Андрэй Бастунец.

12 траўня ў Магілёўскім абласным судзе пачнецца разгляд справы Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі». На гэтым жа працэсе будуць судзіць блогерку, грамадскую актывістку Ірыну Шчасную. Суд зрабілі закрытым нават для сваякоў падсудных, але муж Ірыны на яго не трапіў бы і так – ужо паўгода ён разам з сынам жыве ў Кіеве.

«Мы не атрымаем абʼектыўнай інфармацыі пра тое, за што людзі будуць адбываць тэрмін і сваё пакаранне. Нам будуць вядомыя толькі агульныя фразы, агульныя тэзісы. Літаральна 2 тыдні таму, як яе паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму, лісты ад яе мы атрымліваць перасталі», – тлумачыць муж Ірыны Шчаснай Аляксандр.

Усе сем абвінавачаных – Ірына Шчасная, Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Павел Юхневіч, Зміцер Казлоў, Максім Вінярскі і Андрэй Войніч – этапаваныя ў Магілёўскую турму № 4.

Ірына Карніенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама