«Лукашэнка гатовы памерці ці ўцячы». Навошта дэкрэт на выпадак смерці


Дзявятага траўня бягучага году каманда Святланы Ціханоўскай і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне назвалі днём капітуляцыі Аляксандра Лукашэнкі. У Дзень Перамогі ён упершыню згадаў пра неабходнасць нацыянальнага прымірэння, а таксама падпісаў дэкрэт «Аб перадачы ўлады Савету бяспекі… у выпадку сваёй смерці.

Дзень Перамогі. Гомель. Патрапіць на гарадское свята можна было толькі праз вобшук. Блогер Юрый Ганцавіч ішоў на плошчу ў наўпроставым эфіры… гэтак яго і затрымалі міліцыянты ў цывільным. Павялі ў бок будынку КДБ. Месцазнаходжанне затрыманага – невядомае.

Затрыманні ў свята Перамогі адбыліся яшчэ ў некалькіх гарадах. У Докшыцах затрымалі чалавека, які праз бінокль назіраў за ўскладаннем кветак. У Віцебску і Менску затрымалі актывістаў Галіну Лагацкую, Ангеліну Туравец і Руслана Яневіча. У Берасці Мікалая Куско і Марыю Чарвінскую. У Бабруйску нібыта за прапаганду нацысцкай сімволікі «забралі» журналіста Уладзіміра Рэпіка, якога сёння пакаралі штрафам. Лукашэнка ж аб’явіў учора, што ён перамог:

«Мы разабраліся, дзе праўда, а дзе хлусня. Давайце спынім гэта не патрэбнае нікому супрацьстаянне. Давайце выразна засвоім, што ўпершыню за тысячагоддзя нам выпала шчасце жыць на гэтым кавалку зямлі і гадаваць сваіх дзяцей».

Але ж гэта не азначае, што жыць беларусы маюць пры нязменнай уладзе. Апытаныя «Белсатам» менчукі і госці сталіцы пра гэта кажуць, хоць і з асцярожнасцю.

«Думаю, усё ж трэба пайсці насустрач народу, пачуць яго».

«Усе хочуць міра і спакою, але хто і што для гэтага робіць? Я не бачу, каб улада для гэтага прыкладала ўсе намаганні».

«А што робіць Лукашэнка дзеля таго, каб настаў мір ці спакой? Што ён робіць? Збівае людзей далей і саджае ў турмы кожны дзень».

Выйсці на вуліцы гарадоў у адное з асноўных святаў дзяржаўнага календара заклікалі напярэдадні прыхільнікаў перамен лідары апазіцыі. Выйсці з кветкамі, без бел-чырвона-белай сімволікі, такім чынам пазбегчы затрыманняў у важны для часткі грамадства дзень. Міліцыя аднак шукала іншадумцаў.

«Калі ва ўлады ёсць мінімальныя сумневы, што пэўны чалавек не лаяльны, яны будуць імкнуцца максімальна дыстанцыяваць гэтага чалавека ад карцінкі», – кажа палітолаг Вольга Харламава.

9 траўня ўлада праз афіцыйныя прафсаюзы, настаўнікаў ці БРСМ збірае лаяльных дзейнаму рэжыму асобаў. Мэсыдж «мір у Беларусі забяспечвае толькі Аляксандр Лукашэнка» – у розных інтэрпрэтацыях гучыць штогод. Але сёлета – былі адметнасці, кажа кіраўнік НАУ Павел Латушка:

«У Лідзе, а ў нас ёсць інфармацыя, што і ў Парку Горкага, і ў Парку Чалюскінцаў, выплачваліся грошы, каб людзі прыйшлі на так званыя арганізаваныя мерапрыемствы. Сам Лукашэнка быў у броні камізэльцы, Мы ведаем, як ён рыхтаваўся, як баяўся гэтага дня, як служба бяспекі прэзідэнта правярала ўсе нават афішныя тумбы і нават ліхтары ўздоўж праспекту».

Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення заяўляе, што 8-га і 9-га траўня пратэстоўцам удалося правесці шэраг акцыяў. Адна з іх – феерверкі па ўсёй Беларусі а 23.34 (нумар артыкулу «масавыя мерапрыемствы» Крымінальнага кодэксу).

Другая адметнасць – мае гістарычны сэнс – лічаць у офісе Святланы Ціханоўскай. Гаворка пра падпісанне Лукашэнкам у дзень Перамогі Дэкрэту № 2 «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

«Па сутнасці ў гэтым дэкрэце напісана – «мяне забʼюць» і пасля гэтага будзе тое і тое: Савет Бяспекі ўвядзе вайсковае становішча, надзвычайны стан і будзе нечым упраўляць. Менавіта так гэта трэба чытаць. Ці за гэтым яны спрабуюць хаваць ягоны сакрэтны адʼезд у хуткім часе. Вось гэта вельмі цікава», – лічыць прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Ганна Красуліна таксама звяртае ўвагу, што пра неабходнасць нацыянальнага прымірэння Лукашэнка заявіў упершыню, што лічыць сігналам гатовасці ўлады да распачацця дыялогу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»