У Францыі праходзяць прэзідэнцкія выбары


У Францыі стартавалі прэзідэнцкія выбары, і, мяркуючы з прагнозаў, пераможца вызначыцца толькі ў другім туры галасавання праз два тыдні. Сёння, 10 красавіка, выбарчыя ўчасткі адкрыліся а восьмай раніцы паводле мясцовага часу, а зачыніліся а восьмай увечары. Асноўныя пытанні выбарчай кампаніі: скарачэнне пакупніцкай здольнасці французскіх сем’яў на фоне росту цэнаў на харчы і энерганосьбіты, а таксама глабальная інфляцыя на фоне вайны ва Украіне.

Усяго некалькі тыдняў таму апытанні грамадскай думкі прадказвалі лёгкую перамогу праеўрапейскаму хаўрусу цэнтрысцкага прэзідэнта Эманюэля Макрона, якога ўтрымлівала ў лідарах ягоная актыўная дыпламатыя ў дачыненні Украіны, а таксама моцнае аднаўленне эканомікі і слабасць раздробненай апазіцыі. Але цяпер у французскіх медыях кажуць: лёгкай перамогі не будзе.

Кандыдатка на прэзідэнта Францыі Марын Ле Пэн звярнулася да выбарнікаў з наступнымі словамі:

«Дзень прэзідэнцкіх выбараў вельмі важны. З увагі на сітуацыю ў краіне і свеце, ён вызначае не толькі найбліжэйшыя пяць гадоў, але, напэўна, і найбліжэйшыя 50 гадоў».

Як адзначае французскае «Міжнароднае радыё», прэзідэнцтва Эманюэля Макрона прайшло ва ўмовах вострых унутраных і сусветных крызісаў. У іх ліку сацыяльныя пратэсты «жоўтых камізэлек», страйкі супраць радыкальнай пенсійнай рэформы, пандэмія каронавіруснай хваробы і вайна Расеі супраць Украіны. Сам жа прэзідэнт Францыі гэтым разам выбраў тактыку нападу на сваіх канкурэнтаў, каб паказаць іхныя палітычныя памылкі.

Асабліва гэта тычыцца ягонай галоўнай суперніцы, лідаркі крайняй правай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пэн.

Эманюэль Макрон заявіў:

«Мы перажываем трагедыю ў Еўропе, геапалітычную трагедыю і трагедыю чалавечую. Францыя зрабіла ўсё, каб пазбегчы яе з самага пачатку, і мы працягваем рабіць гэта з новымі санкцыямі, на якіх мы настойвалі. І я адзначыў вінаватых дэпутатаў ад ЕЗ і ад Нацыянальнага аб’яднання, калі мы галасавалі за санкцыі супраць Расеі, што паказвае нейкую дваістасць пэўных людзей унутры гэтай краіны, нягледзячы на вайну. Мы падтрымліваем украінцаў».

Эманюэль Макрон выставіў сваю кандыдатуру 3 сакавіка, менш чым за 40 дзён да першага туру выбараў. Ён заявіў, што не можа весці кампаніі «так, як бы гэтага хацеў». Прэзідэнт Францыі таксама адмовіўся ад удзелу ў жывых дэбатах з іншымі кандыдатамі, ён спаслаўся на занятасць і напружаны графік.

Як пішуць французскія медыі, вайна ва Украіне пахіснула рэйтынг Эманюэля Макрона – і эканамічную стабільнасць у краіне. Таксама на рэйтынг паўплываў міграцыйны крызіс 2015–2017 гадоў. На сямнаццатую гадзіну яўка выбарнікаў склала 65 %.

Выбарніца Ан-Мары Фэрэ кажа: «З усімі гэтымі людзьмі, якія прыязджаюць, Францыя цяпер больш не такая, як раней, не ўсе яны добрыя. Глядзіце, у мяне зламаная каленная рэпка. Адзін з іх штурхнуў мяне і забраў маю сумку. Вось чаму цяпер я больш не выходжу на вуліцу. Я часцей сяджу ў сваёй кватэры і выходжу толькі па прадукты і сюды прыйшла галасаваць».

«Марын Ле Пэн, скажам так, занадта ўжо нядобрая, можа быць, нават занадта неталерантная. У яе падступныя ідэі. Мэляншон значна больш адкрыты, і я думаю, што ёсць надзея на яго», – кажа выбарнік Жан-Клёд Гае.

Выбарніца Франсуаз Вайс распавядае: «Я вельмі турбуюся. Нават калі Макрона пераабяруць, гэта ўсё роўна будзе вельмі складана. Былі страчаныя вялікія магчымасці. COVID, Украіна і нават пытанні змены клімату – трэба было ўнесці новыя прапановы, новыя ідэі і новыя кірункі дзеянняў».

«Associated Press» паказвае на зніжэнне рэйтынгу Макрона за апошні час на фоне высокай інфляцыі і росту цэнаў на прадукты, бензін і іншыя віды паліва.

Валерыя Кірычэва, «Белсат»