Радыеактыўнае марадзёрства расейскіх вайскоўцаў


Расейскія вайскоўцы разрабавалі лабараторыі ў чарнобыльскай зоне і скралі адтуль вельмі небяспечныя радыеактыўныя матэрыялы. Пра гэта паведамляе Дзяржаўнае агенцтва Украіны для кіравання зонай адчужэння.

Расейскія войскі разрабавалі лабараторыю, у якой навукоўцы ацэньвалі небяспеку радыеактыўных адкідаў. Ідучы з чарнобыльскай зоны, акупанты скралі вельмі небяспечныя радыеактыўныя матэрыялы.

«Яны несанкцыянавана праніклі ў сховішча крыніцаў іанізавальнага выпраменьвання, дзе захоўваліся ўзорныя радыеактыўныя растворы і калібравальныя крыніцы, і скралі ды пашкодзілі 133 крыніцы сумарнай актыўнасцю каля 7 млн бэкерэляў. Гэта параўнальна з 700 кг радыеактыўных матэрыялаў», – паведаміла Дзяржаўнае агенцтва Украіны для кіравання зонай адчужэння.

Дзе цяпер крыніцы выпраменьвання, скрадзеныя з Цэнтральнай аналітычнай лабараторыі для характарызацыі радыеактыўных адкідаў, – невядома. Украінскія навукоўцы не выключаюць, што незвычайныя прабіркі і бляшанкі марадзёры вывезлі на сувеніры.

«Проста каб выкарыстоўваць яго ў побыце ці ў яго пакласці нешта, каб потым аднесці ў знакамітае аддзяленне СДЭК, дзе з Беларусі расейскія вайскоўцы пасылалі нейкія падарункі сваім сем’ям у Расею. Я таксама не выключаю, што людзі маглі зрабіць гэта наўмысна. Маглі ведаць, што ў кантэйнерах. Быў такі Аляксандр Літвіненка, якога забілі радыеактыўнымі рэчывамі – яму ў гарбату палонію падсыпалі», – нагадвае эксперт Расейскага сацыяльна-экалагічнага саюзу, інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі.

Калі насіць такі радыеактыўны «сувенір» з сабой цягам двух тыдняў, то гэта прывядзе да радыяцыйных апёкаў, прамянёвай хваробы і ракавых працэсаў – папярэджваюць навукоўцы. Калібравальныя крыніцы радыяцыі – не адзіныя небяспечныя матэрыялы, скрадзеныя расейскімі салдатамі.

Яны таксама разрабавалі лабараторыю Інстытуту праблемаў бяспекі АЭС. Адтуль скралі матэрыялы, якія змяшчаюць паліва з сумнавядомага чарнобыльскага рэактару. У Рудым лесе, дзе аселі выкінутыя выбухам часцінкі ядравага паліва, расейскія салдаты вырылі акопы. У іх узровень альфа- і бэта-выпраменьвання перавышае норму ў 100 разоў.

«Я не чуў заяваў ад прадстаўнікоў войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, што з салдатамі быў праведзены інструктаж, што яны цалкам памянялі абмундзіраванне, калі выходзілі з зоны. Нават кадраў, што мылі тэхніку на выездзе з зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС, у нас няма!» – абураецца Андрэй Ажароўскі.

Працаўнікі ЧАЭС расказвалі, як салдаты расейскай арміі праязджалі праз забруджаныя тэрыторыі без сродкаў абароны, удыхаючы радыеактыўны пыл. На пакрытай радыенуклідамі бранятэхніцы яны адступілі ў Гомельскую вобласць Беларусі.

«Калі нехта ў Беларусі нас пачуе, хто мае дазіметры – не вайсковыя прымітыўныя, а добрыя, дакладныя прыборы (а такія людзі там ёсць), – то раю там праехацца і праверыць. Хаця я цяпер такую ​​параду даў – а я ж не ведаю, як вайскоўцы зрэагуюць. Як вайскоўцы зрэагуюць там на чалавека з дазіметрам? Скажуць, што выведнік!» – засцерагае Андрэй Ажароўскі.

Разбітыя бардзюры і пашкоджаны асфальт – вось такія сляды пасля сябе пакінула расейская бранятэхніка ў Ельску. Расейскія танкі і цяжкавікі пакідаюць Беларусь. Калі сляды іх гусеніцаў радыеактыўныя, то простым дарожным рамонтам іх не сцерці.

Аляксандр Папко, «Белсат»