Беларус арганізуе гуманітарныя канвоі ва Украіну


Беларусы працягваюць дапамагаць Украіне. У тым ліку ўдзелам у валанцёрскіх ініцыятывах. Былы беларускі моладзевы актывіст і так званы палітпрызыўнік Зміцер Жалезнічэнка, які стала жыве і працуе ў Нідэрландах, з уласнай ініцыятывы далучыўся да стварэння і суправаджэння гуманітарнага канвою з Нідэрландаў ва Украіну.

Зміцер распавядае:

«Мы як беларусы, як проста сумленныя людзі, мусім рабіць нешта. Ну і прыкладна праз тыдзень пасля гэтай агрэсіі я падумаў, што будзе някепска набыць адну машыну хуткай дапамогі, сабраць грошы. Бо я працую ў буйной ІТ-кампаніі, я падумаў, што мы разам усе можам набыць гэтую машыну, я б яе адвёз, і гэта быў бы мой хоць такі маленькі ўнёсак».

Зміцер пазнаёміўся з валанцёрамі, якія ўжо мелі сваю структуру, размеркаванне абавязкаў. Хлопец далучыўся, разам яны сабралі сродкі на дзясяткі машынаў хуткай дапамогі і не збіраюцца на гэтым спыняцца. У структуры акрамя беларусаў – украінцы і расейцы.

Паводле валанцёркі Веранікі, галоўная дапамога, якую адпраўляюць адмыслоўцы, – гэта рэанімабілі, бо вялікая колькасць аўтамабіляў, аўтамабільнага парку шпіталяў Украіны была знішчаная, расстраляная, падарваная. Таму разам з гэтым канвоем адпраўлена ўжо 26 машынаў хуткай дапамогі.

Зміцер Жалезнічэнка кажа, што кожны можа дапамагчы Украіне. Трэба толькі жаданне:

«Апроч аднаго збору, які я рабіў праз працу і праз уласны «Фэйсбук», дзе мы сабралі грошы на 3 машыны. Дадаткова я проста зрабіў унёсак, каб выкупіць адну машыну, і мы сказалі, што мы набываем гэтую машыну ад імя беларускага кам’юніці ў Нідэрландах. І вось больш за 100 чалавек зрабілі ахвяраванні, гэта тыя беларусы, якія жывуць у Нідэрландах. Мы яе назвалі «Жывемабіль» у гонар віцебскага. І вось у нас атрымаўся вельмі прыгожы «Жывемабіль».

«Жывемабіль» цяпер ратуе жыцці ўкраінскіх вайскоўцаў у складзе 72-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ. Акрамя саміх аўтамабіляў, ва Украіну валанцёры вязуць таксама медыкаменты, каталкі, кіслародныя балоны, рознае медычнае абсталяванне. Дапамагаюць з усім гэтым нідэрландскія шпіталі, малы прыватны бізнес і буйныя карпарацыі.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»