Удар па «Беларуськалію», «Менскэнерга» і Міністэрству фінансаў


Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі звязалася з урадам Нарвегіі, каб паўплываць на партнёра «Беларуськалію» – нарвежскую кампанію «Yara», што купляе беларускія калійныя ўгнаенні. Такім чынам арганізацыя рыхтуе міжнародны ціск, каб прымусіць вертыкаль Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі і сесці за стол перамоваў. І справа не абмяжоўваецца Нарвегіяй.

Каманда Паўла Латушкі скіравала адмысловы ліст у нарвежскія міністэрствы гандлю, прамысловасці і сельскай гаспадаркі, нарвежскім дэпутатам і асобна ў Ліберальную партыю, а таксама ў амбасады Нарвегіі ў краінах Еўропы, з просьбай націснуць на кампанію «Yara». Нарвежскі партнёр «Беларуськалію» больш чым на траціну належыць дзяржаве. І бізнесоўцы пакуль не наважыліся прыпыніць супрацу да моманту, калі спыняцца масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Хоць сілавікі працягваюць пераследаваць саміх салігорскіх шахцёраў, што выступілі супраць міліцэйскага гвалту. Ладзяцца і акцыі пратэсту каля офісу «Яры» і нарвежскіх амбасадаў. Але гэта не ўсё.

«Цяпер ідзе размова пра нямецкую кампанію «Сімэнс», якая плануе паставіць абсталяванне на «Менскэнерга». З «Менскэнерга» было звольнена больш за 80 працаўнікоў, за тое, што выказалі сваю думку. І мы звярнуліся да міністра замежных справаў Швецыі, я атрымаў адказ ад яе, а таксама да дзяржаўнай страхавой кампаніі, якая страхуе гэтую ўгоду», – распавёў «Белсату» Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання.

Шведы адказалі, што ўважліва разглядаюць мэтазгоднасць гэтай страхавой угоды.

Таксама Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працягвае працу з еўрабондамі – каштоўнымі паперамі, за продаж якіх Міністэрства фінансаў можа атрымаць грошы ў бюджэт на аплату сілавікоў.

«Адбыліся разам з беларускай дыяспарай акцыі пратэсту побач з Лонданскай фондавай біржы, публікацыі з‘явіліся ў прэсе Люксембурга, Швайцарыі, Германіі. Мы таксама ажыццяўляем кантакты з нямецкім інвестыцыйным фондам «Альянс», і чакаем ад іх таксама рэакцыі на продаж еўрапейскіх бондаў, якія былі выпушчаныя Міністэрствам фінансаў Беларусі», – падкрэслівае Павел Латушка.

Адзін з наступных пунктаў: дамагчыся спынення стасункаў заходніх фінансавых кампаніяў з беларускімі банкамі, асабліва з тымі, якія абслугоўваюць сілавы апарат Лукашэнкі, плацяць заробкі і выдаюць ільготныя крэдыты міліцыі і КДБ. Ад дзяржаўнага сакратара Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця каманда Латушкі атрымала адказ, што ЕБРР не будзе фінансаваць дзяржаўных праектаў у Беларусі з увагі на масавыя парушэнні правоў чалавека.

Ва ўмовах, калі ўдзел у мірным пратэсце звязаны з рызыкай крымінальнага ці адміністратыўнага пераследу, заходнія санкцыі – гэта адзін з нешматлікіх рычагоў уплыву на вертыкаль Лукашэнкі, кажа палітолаг Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера»:

«Беларускія ўлады цалкам праігнаравалі магчымасці пошуку дыялогу ці палітычнага паразумення, таму лагічным з’яўляецца тое, што вялікія высілкі накіроўваюцца на знешні контур і ў прыватнасці на краіны Еўразвязу і ЗША, якія могуць увесці санкцыі».

Кропкавая праца з заходнімі кампаніямі ды агулам з дзяржавамі Еўразвязу і ЗША ідзе паралельна з падрыхтоўкаю мірных перамоваў.

«Цяпер нашыя міжнародныя сябры шукаюць прадстаўнікоў рэжыму дамоваздольных. Бо зразумела, што Лукашэнка не дамоваздольны. І калі мы кажам пра перамовы, ніхто яго на ўвазе і не мае», – распавяла Святлана Ціханоўская, адказваючы на пытанні беларусаў онлайн.

І Павел Латушка, і Святлана Ціханоўская падкрэсліваюць, што санкцыі можа спыніць сам Аляксандр Лукашэнка, калі спыніць рэпрэсіі супраць народу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»