«Матыву не было ў гэтых хлапцоў». Мінула 10 гадоў пасля тэракту ў менскім метро


11 красавіка 2011 года а шостай вечара на станцыю метро «Кастрычніцкая» прыбыў цягнік з боку Уручча. Праз некалькі секундаў на пероне між другім і трэцім вагонамі адбыўся выбух.

Ігар Тумаш у той момант быў у канцы трэцяга вагона цягніка. Ехаў з дому на службу ў царкву.

«Я не зразумеў, што адбылося. Ніякага страху не было. Раптоўна запахла паленай гумай. І я гляджу, а людзі ўсе ляжаць, каторыя стаялі побач. І я ўвесь у чужой крыві», – узгадвае Ігар Тумаш, пацярпелы пры тэракце, сябра Беларускага саюзу пісьменнікаў.

Алена ў той вечар вярталася з універсітэту. Кажа, што магла і прайсці да плошчы Перамогі пешкам, дзень быў добры, сонечны, але вырашыла пад‘ехаць на метро.

«Я адчула рэзкі, не хлапок, гэта быў фізічны боль. Быццам бы мяне яркае святло некуды ўверх падымае, і пасля быццам бы я падаю. І так аказалася, што ў гэты момант мяне завяло за калону, і гэта выратавала мне жыццё», – распавядае Алена, пацярпелая пры тэракце ў метро.

Агулам у момант выбуху на станцыі было каля трохсот чалавек: 200 з іх атрымалі раненні, 11 асобаў загінулі на месцы, пазней у бальніцах ад атрыманых траўмаў памерлі яшчэ чацвёра. Праз дзве гадзіны пасля выбуху на станцыю «Кастрычніцкая» спусціўся Аляксандр Лукашэнка разам з 6-гадовым сынам Мікалаем, каб ускласці кветкі.

«Нам кінуты сурёзны выклік. Варта прызнаць, вельмі сурёзны выклік. Трэба адэкватны адказ», – заявіў Лукашэнка ў 2011 годзе.

Мінула ўсяго два дні пасля выбуху, а Лукашэнка ўжо абвесціў, што злачынства раскрытае. Аднак толькі праз тры месяцы – у канцы ліпеня генеральны пракурор афіцыйна назваў імёны: Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх вінавацяць у здзяйсненні тэракту. Падчас следства 25-гадовыя віцябляне ўзялі віну на сябе…

«Гэта я зрабіў», – прызнаў Дзмітрый Канавалаў, абвінавачаны ў тэракце.

Аднак на судзе яны адмовіліся ад сваіх паказанняў.

«На першым жа паседжанні адмовіўся ад дачы сваіх паказанняў, ён патлумачыў, што яны былі ўзятыя пад катаваннямі, аказваўся псіхалагічны ціск. Наш адвакат удзельнічаў толькі ў следчых эксперыментах, так адвакату не давалі магчымасці камунікаваць, нават на судзе», – прыгадвае маці Уладзіслава Любоў Кавалёва.

Падчас судовага разбіральніцтва ўзнікала шмат супярэчнасцяў, згадвае журналіст Алег Груздзіловіч, які наведваў кожнае паседжанне, размаўляў з пацярпелымі. Пытанне, якое турбуе дагэтуль, – матывацыя здзяйснення тэракту, бо паводле следства выбух быў зроблены дзеля дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне.

«Шмат людзей, вялікая частка з іх не паверыла. Было шмат супярэчнасцяў, не было рэальных доказаў, што нехта бачыў Канавалава з гэтаю торбай, з гэтай выбухоўкай. Не было пададзена гэтых доказаў рэальных», – зазначае журналіст Алег Груздзіловіч.

Сумняваюцца ў вінаватасці Канавалава і Кавалёва і пацярпелыя.

«Самае галоўнае, матыву не было ў гэтых хлапцоў. Каб сарваць, дэстабілізаваць сітуацыю… Навошта? Ёсць хоць адзін адказ?», – задаецца пытаннем Ігар.

«Ёсць пытанні, ці тыя гэта былі людзі сапраўды, і чаму так атрымалася, якія былі матывы. Падаецца, для мяне гэта не канчаткова зразумела», – падтрымлівае Алена.

Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву прысудзілі найвышэйшую меру – смяротнае пакаранне. У сакавіку 2012 года прысуд быў выкананы.

Марыля Дакуцька, «Белсат»