«Частка татальнага кантролю за ўсім і кожным». За даходамі беларусаў будуць сачыць паводле расейскага ўзору


Улады не толькі хочуць зазірнуць у кішэні беларусаў, але і дакладна палічыць грошы ў іх. Міністэрства падаткаў і збораў заявіла, што будзе весці базу звестак аб даходах прыватных асобаў. Гэта будзе цэнтралізаваная сістэма, якую ствараюць дзеля таго, каб параўнаць даходы людзей з іхнымі выдаткамі. Навошта гэта?

Што апублікавана на прававым партале – то дзее. Пастанова Саўміну № 201 збірае ўсе нашыя даходы ў адзіную сістэму, дзе іх будуць аналізаваць. Пройдуцца па гаманцу кожнага, хто пражывае ў краіне. Жыхары Баранавічаў на гэта:

«Мне б было непрыемна, каб гэтак лазілі па маіх даходах, якія афіцыйна ідуць і не афіцыйна. Думаю гэта робяць таксама для таго каб штрафы плацілі».

«Дзяржаве трэба больш грошай. Гэта нармальна. Але гэта людзям не можа падабацца і маё стаўленне да гэтага рэзка негатыўнае».

«Калі гэта будзе ўладаю ў нейкіх мэтах выкарыстоўвацца, то маё стаўленне негатыўнае».

Мінпрацы і Фонд сацыяльнай абароны будуць даваць справаздачу аб пенсіях, штомесячным грашовым забеспячэнні і ўсіх відах дапамог і стыпендыяў. Мінфін дасць звесткі па страхавых выплатах. За нацыянальным кадастравым агенцтвам – справаздача па даходах ад аперацыяў з нерухомасцю. Інфармацыю пра профільныя выплаты ўнясе «Белдзяржстрах». Аператары паштовай сувязі і банкі – паведамяць пра даходы з-за мяжы.

Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт Ураду»:

«Дзяржава ведае, што не ўсе прыбыткі людзі дэкларуюць, таму дзеля таго каб сабраць як можна больш падаткаў, і на як мага большую колькасць вашых даходаў дадаць 13 % падаходнага падатку. Гэта асноўная задача з якою ствараецца такая адзіная база падаткаў».

Такую базу напярэдадні стварылі ў Расеі. Праект прасоўваў прэмʼер-міністр Мішусцін, які да гэтай пасады кіраваў Міністэрствам падаткаў і збораў Расеі.

Беларускія ўлады заявілі, што банк звестак дазволіць параўноўваць даходы беларусаў з выдаткамі.

«Гэта старая практыка, якая стасуецца ў тым ліку ў краінах Захаду. Дзеля чаго гэта робіцца? Умоўна кажучы, калі вы зарабілі нейкія грошы, але іх не дэкларавалі, то вы не маглі іх патраціць. З іншага боку – калі падаткавік пабачыць, што вы выдаткоўваеце нашмат больш, чым зарабляеце, то вось на гэтую розніцу ён вам дадасць падаходны падатак», – тлумачыць Уладзімір Кавалкін.

У сістэмы ўліку нашых выдаткаў ёсць і іншая задача, кажа кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук:

«Гэта частка ўжо татальнага кантролю за ўсім і кожным. Каб чалавек, грамадскі дзеяч, у якога адкульсьці грошы зʼявіліся, спытаць адкуль. Чаму ты такую каўбасу набыў, а не іншую. Гэта зноў Оруэл «1984» ператвараецца ў Беларусь-2021».

Адная справа зрабіць, а іншая – выкарыстоўваць. Эканаміст Яраслаў Раманчук звяртае ўвагу, што на фоне стратаў прадпрыемстваў, бюджэту і напружанасці на валютным рынку, можа быць не да гэтай базы…

Гэтак не спраўдзілася ва ўжытку папярэдняя – так званая «база дармаедаў», якую ўлады стваралі ў 2017-ым годзе, каб змусіць зарабляць і плаціць дзяржаве больш.

«Зараз таксама, ну добра, ты зробіш гэтую базу. Але калі заробак упадзе ніжэй за $ 300 чыстымі – на рукі, ведаеце, столькі будзе незадаволеных, што пачнецца сабатаж знутры гэтай сістэмы ўлады», рэзюмуе Раманчук.

Такое падзенне заробкаў, згодна з перасцярогамі экспертаў, магчымае ўжо ў кароткатэрміновай перспектыве.

Юлія Цяльпук, «Белсат»