Палітычныя рэпрэсіі: у Горадні і Берасці вынеслі прысуды ў калектыўных справах


Прынамсі частку фігурантаў «пінскай справы» перавялі ў Берасце. Родныя, якіх пра гэта нават не папярэдзілі, лічаць што там жа будуць і разглядаць гэтую крымінальную справу, бо мясцовыя суддзі адмаўляюцца. Дата суда невядомая, але ў Берасці досвед разгляду калектыўных палітычных справаў багаты.

Таксовец, студэнт, школьнік, бацька з сынам – на адной лаве падсудных. У Берасці ў судзе Маскоўскага раёну Вера Філонік агучыла вырак першым дзевяці з некалькіх дзясяткаў фігурантаў справы аб масавых беспарадках 10-га жніўня.

«Гэта быў не суд, гэта была расправа над нашымі дзецьмі. Нашыя дзеці выйшлі абараніць свае патрабаванні, а менавіта: Аляксандр Рыгоравіч прайграў выбары», – кажа Анатоль Мігно, бацька асуджанага Іллі Мігно.

Дваіх няпоўнагадовых фігурантаў справы – Сяргея Гацкевіча і Дзяніса Хазея – пакаралі трыма гадамі выхаваўчай калоніі кожнага. Семярых астатніх – адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму на тэрміны ад трох з паловаю да чатырох з паловаю гадоў.

Паводле следства, увечары 10-га жніўня падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Берасця абвінавачаныя ўчынілі пагромы, нанеслі ўдары міліцыянтам, наўмысна пашкодзілі маёмасць міліцыі.

У Горадні вынеслі прысуд у «справе счэпкі». Ганна Лявусік у судзе Ленінскага раёну пакарала чатырох абвінавачаных трыма і трыма з паловаю гадамі гэтак званай «хіміі». Пятага абвінавачанага ў справе – Аляксандра Якубоўскага – абвесцілі ў вышук.

«Рыхтаваліся да горшага, але і гэта не вельмі мяккі прысуд. Зацяжны працэс, столькі нерваў і здароўя адабраў у нас. Будзем абскарджваць прысуд, мы не згодныя з ім»6 – кажуць Жана Захаркевіч і Надзея Сцепанцова, пакараныя абмежаваннем волі.

Паводле абвінавачання, фігуранты ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі ў Горадні 6 верасня, і іхныя дзеянні былі наўмысна злачыннымі. Пацярпелыя ў справе – адзінаццаць міліцыянтаў, якія падчас працэсу не паказалі твараў і назваліся чужымі імёнамі.

У Гомлі пасля незаконных пяці дзён у ізалятары 66-гадовую Валерыю Дзяцук суддзя Сяргей Садоўскі пакараў штрафам 580 рублёў, абвінаваціўшы ў «пікеце ў лесе».

Былую выкладчыцу 5-га сакавіка жорстка затрымалі ва ўласнай кватэры, і ўвесь гэты час родныя не ведалі, дзе яна.

З такою ж пастановаю – 580 рублёў штрафу – завяршыла суддзя Святлана Варатынская пераразгляд справы Ірыны Траццяковай у судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Праваабаронцу і бестэрміновую назіральніцу на выбарах аштрафавалі за ўдзел у пікетаванні, за якім яна назірала летась 19-га чэрвеня, зблытаўшы яе пры гэтым з іншаю віцебскай актывісткаю.

«На гэтым жа судзе было зноўку красамоўна даказана – і сведкам, што ён памыліўся, і адвакатам, што нічога гэтага не было і пратакол быў складзены павярхоўна і з памылкамі», – кажа актывістка Таццяна Севярынец, што прыйшла ў суд падтрымаць Ірыну Траццякову.

У Гомлі Анастасіі Перавошчыкавай, якая адбывае запар 90 дзён арышту, дадалі яшчэ 15 – падчас новага таемнага суда.

Распачынаюць і новыя крымінальныя справы. Адну з іх завялі супраць лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова – за разгалошванне звестак пра пераслед Каардынацыйнай рады.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»