Дваровыя чаты прыраўняюць да экстрэмісцкіх фармаванняў?


Адміністратарам дваровых чатаў пагражаюць крымінальнай адказнасцю. Улады намагаюцца спыніць камунікацыю звычайных суседзяў.

Падпіску аб неразгалошванні ўзялі ў старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Раніцаю Андрэя Бастунца дапыталі ў Следчым камітэце ў якасці сведкі, пасля абеду працягнулі следчыя дзеянні з ягоным удзелам. Як мяркуюць сябры БАЖ, гэта вынік ператрусаў, зладжаных 16 лютага ў офісе і кватэрах сябраў арганізацыі.

«Пасля таго, як у нас забралі тэхніку і апячаталі офіс, мы адразу ж звярнуліся ў Следчы камітэт з хадайніцтвам разблакаваць офіс і вярнуць нам пячатку, статутныя дакументы і бухгалтарскую дакументацыю. Нам адказалі, што Следчы камітэт плануе дзеянні з нашым удзелам. Патэлефанавалі Андрэю і папрасілі з’явіцца», – распавёў нам Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў – міжнародна прызнаная і афіцыйна зарэгістраваная ў Беларусі структура. БАЖ працуе ў адпаведнасці з заканадаўствам. Цяпер жа, на думку Барыса Гарэцкага, улады робяць усё магчымае, каб перашкодзіць яе дзейнасці.

«Паводле закону мы мусім весці сваю дзейнасць у офісе, а офіс апячатаны, заблакаваны рахунак нашай арганізацыі, пра што нам афіцыйна не паведамілі. Праз гэта праца была сур’ёзна ўскладненая, але мы не спыняем нашай дзейнасці».

Не збіраецца спыняць сваёй дзейнасці і вядомы, асабліва сярод сталічных жыхароў, блогер Антон Матолька. Нягледзячы на тое, што Следчы камітэт завёў на яго адразу некалькі крымінальных справаў. Следчыя сцвярджаюць, што атрымалі доказы датычнасці Матолькі да «цэлага шэрагу злачынстваў»: беспарадкі, арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама стварэнне экстрэмісцкага фармавання, якім палічылі дваровыя чаты. Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» за нібыта распальванне сацыяльнай варожасці хочуць прызнаць экстрэмісцкім.

«Чатыры крымінальныя артыкулы? Доўга ж вы іх кляпалі. Агулам нічога нечаканага, пра тое, што паціху выдумляюць матэрыялы да крымінальных справаў, я ведаў яшчэ ў верасні… 9 ліпеня я выехаў з Беларусі. Гэта прыйшлося зрабіць па настойлівай просьбе калегаў з @iSANS_Belarus, якія асцерагаліся майго затрымання (як гэта адбылося з Ігарам Лосікам 25 чэрвеня)… Я гатовы адказаць за ўсе свае дзеянні перад судом. Але гэта будзе аб’ектыўны і незалежны суд у новай Беларусі, а не тое сарамоцце, якое цяпер называе сябе «судом», – напісаў блогер у сваім Тэлеграм-канале.

Паляванне на блогераў распачалося яшчэ да выбараў, некаторыя з лідараў грамадскай думкі з’ехалі за мяжу. За кратамі застаюцца блогеры і адміністратары Тэлекрам-каналаў Уладзімір Няронскі, Ігар Лосік, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Аляксандр Андрэеў, Уладзімір Цыгановіч, Сяргей Спарыш. Найдаўжэй трымаюць у няволі Сяргея Ціханоўскага.

Жыхары Менску ведаюць прычыну:

«Таму што яны кажуць праўду пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Яны непажаданыя сталі дзяржаве».

«У нас усіх пераследуюць, бо зашмат могуць сказаць».

«Яны адкрыта выказваюць сваё меркаванне».

«Улада не дасць нікому нічога сказаць».

«Каб людзі мелі толькі адно меркаванне – дзяржаўнае».

«Нельга ў нашай краіне казаць таго, што думаеш. Свабоды слова няма. Свабоды друку няма».

belsat.eu