Адказ Церцелю: у Дня Волі адзін сцэнар – без сілавікоў

Тры сцэнары апазіцыі на Дзень Волі, у тым ліку і жорсткі сцэнар – гэта прыдумка Камітэту дзяржбяспекі, а не ініцыятараў урачыстага святкавання гістарычнай даты. Кіраўнікі Руху «За свабоду» і Партыі БНФ учора падалі заяўку на правядзенне Дня Волі, а сёння ўжо давялося абвяргаць існаванне агучаных Іванам Церцелем «планаў апазіцыі на 25-27 сакавіка».

Заяўка на правядзенне Дня Волі 25-га сакавіка – ужо ў Менгарвыканкаме. У ёй адзіны сцэнар святкавання ўгодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Але старшыня КДБ Іван Церцель прадставіў Лукашэнку ажно тры сцэнары, ды не СВЯТКАВАННЯ, а «дэстабілізацыі сітуацыі ў бліжэйшы час, мы кажам пра 25-27 сакавіка».

Першы сцэнар па Церцелю – санкцыянаванае шэсце да тэатру оперы і балета пасля збору на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Потым – правакацыі і сутыкненні з праваахоўнікамі.

Другі – таксама санкцыянаваны са зборам на «эмацыйны падагрэў» ля Плошчы Бангалор. Потым – шэсце ў цэнтр сталіцы дзеля сутыкненняў з праваахоўнікамі.

І трэці – несанкцыянаваны – калі праз заклікі з Тэлеграм-каналаў людзей выманяць на вуліцы дзеля таго ж фіналу – сутыкненняў з праваахоўнікамі.

…Але падобнага ніколі не было ў мэтах арганізатараў святкавання – падкрэслівае адзін з заяўнікаў Юрась Губарэвіч.

«На гэты момант толькі дзеянні спецслужбаў прыводзяць да ахвяраў сярод грамадзян. Гэта і дзясятак забітых, справы якія не расследаваныя і кропка не пастаўленая. Гэта дзясяткі і сотні скалечаных ва ўстановах, дзе іх утрымлівала міліцыя», – звярнуў увагу ён.

Юрася Губарэвіча і старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва Іван Церцель згадаў, як асобаў, якія атрымаюць асноўныя фінансавыя дывідэнды ад асобаў з замежжа, якія хочуць зрабіць іх крайнімі.

У праграме «Разговор у Президента» на БТ Іван Церцель у кантэксце пратэстаў развіў папулярную сярод дзяржаўных СМІ тэрарыстычную тэму:

«Нашаму грамадству будуць прадстаўленыя і канкрэтныя асобы, і факты, а цяпер магу прыадкрыць, што знойдзеныя тайнікі на нашай тэрыторыі з вялікай колькасцю выбуховых рэчываў. Тратыл там налічваецца дзясяткамі кілаграмаў. Пластыд у вялікіх колькасцях. Вялікая колькасць выбуховых рэчываў. Вялікая колькасць зброі для выведвальна-дыверсійнай дзейнасці»…

…і гэтак далей. Зноўку цвердзіў, што зброю і выбухоўку завозілі з Украіны. Афіцыйны Кіеў даў адказ у асобе прэс-сакратара МЗС Алега Нікаленкі:

«Поўная лухта, якую ўжо не ўпершыню чуем з вуснаў беларускіх чыноўнікаў. Катэгарычна не прымаем заезджаную мантру пра «зброю з Украіны». Улада ў Беларусі павінная нарэшце спыніць запалохванне беларускага народу надуманым вонкавым ворагам».

20 хвілінаў жыцця на прагляд інтэрв’ю з галоўным чэкістам патраціў і дырэктар установы «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька. Агульная выснова такая:

«Проста даклад спецслужбы аб дэпрафесіялізацыі і дэградацыі. Я там больш нічога не пачуў», – развёў рукамі.

Анатоль Лябедзька заўжды ўдзельнічае ў святкаванні ўгодкаў БНР. Быў сярод заяўнікаў святкавання на стагоддзе гістарычнай даты, калі святкаванне суправаджалася прынамсі нейкім дыялогам з уладаю. Да гэтага, у 2016-2017 гадах былі масавыя затрыманні ўдзельнікаў мірнага шэсця.

Калі б сёлета людзей не страшылі сутыкненнямі ўперамешку са здымкамі траціла – выйшлі б сотні тысяч – лічыць спадар Анатоль:

«Такое разуменне ёсць не толькі ў мяне і не толькі ў прыхільнікаў пераменаў, але і ў галовах такіх людзей як Церцель. Таму я не лічу, што ўлады пойдуць на гэты сцэнар – проста дазволяць людзям сабрацца і адсвяткаваць. Бо гэта будуць сотні тысяч людзей і гэта будзе візуалізацыя таго, што пратэст не згас, ён захоўваецца».

Так ці інакш, падобна, святкаванне ў гэтым годзе будзе масавае, робім выснову з апытання менчукоў:

«Калі напружаная абстаноўка такая, то я выступала за іншы фармат – не вулічны».

«Гэта ж Дзень Волі. Я за тое каб усё было для людзей, і толькі для нас».

«Мая прапанова сустрэцца ў гэты дзень з сям’ёю і адзначыць у сямейным коле».

Збор вялікай колькасці людзей у адным месцы сёлета могуць не дазволіць нават праз тыя ж пандэмічныя абмежаванні. Хоць у выпадку Усебеларускага народнага сходу прыхільнікаў Лукашэнкі такіх абмежаванняў не ўводзілі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама