Як тавары знікаюць з беларускіх прылаўкаў нават без эмбарга


Дзе беларускія і ўкраінскія разважныя цукеркі? Дзе айчынная мука і сланечнікавы алей, украінскі зефір і піва? Спажыўцы паведамляюць «Белсату» аб знікненні з харчовых сетак шэрагу тавараў, якіх не датычыць харчовае эмбарга рэжыму. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю, шпацыруючы ў краме з прапагандысткаю заявіў, што «імпартазамяшчэнне не пагоршыла асартыменту!» «Белсат» высветліў, чаму змяніўся рынак харчоў і што хочуць есці беларусы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праз пару тыдняў Масленка. На стале ў Вольгі і Станіслава абавязкова будуць бліны. З думкаю пра гэта мужчына выбіраў муку…

Станіслаў (імя змененае) кажа:

«Пайшоў у краму “Еўраопт”. Гляджу, там шмат мукі і ўся розная, найменняў 15. З іх толькі два – беларуская, астатняя чамусьці расейская мука».

Падобная сітуацыя – са сланечнікавым алеем, на якім тыя бліны смажыць: сярод 20 найменняў на прылаўку толькі чатыры – зробленыя ў Беларусі. Вольга ўзяла расейскі – пакаштаваць.

Вольга (імя змененае), кажа з недаверам:

«Чамусьці на патэльні збіраецца пенка, калі алей падаграваю. Гэта неяк дзіўна. Хачу з людзьмі параіцца, раптам хтосьці каштаваў і падкажа, што за працэсы адбываюцца на патэльні, што ўтрымліваецца ў гэтым алеі?»

Знікаюць з продажу і любімыя прысмакі. Карэспандэнты «Белсату» зазірнулі на Камароўскі рынак. Ёсць і беларускія цукеркі, але дамінуюць – расейскія. Польскіх – рэшткі, і новай партыі – не завязуць. Некалі запоўнены цукерачны шэраг – паўпусты.

«Была прадукцыя “Камунаркі” і знікла! Цукерак не стала. Раней былі хоць украінскія, вельмі смачныя. Цяпер наогул няма. Засталіся вунь расейскія. Набылі гэтыя ледзяшы. Дык гэта канкрэтная хімія», – наракае Станіслаў.

Што яшчэ знікла з крамаў – мы запыталіся ў гледачоў.

«Зефір рашэнаўскі знік з “Еўраопту”. Цяпер беларускі ляжыць, выбару няма зусім».

«Знікаюць і польскія харчовыя тавары. А “маскалёўшчыну” дык мы з 2014 года не бяром».

«Беларускія пасціла, зефір і мармелад падаражэлі ўдвая».

«Так, ёгурты расейскія ў “Капеечцы”, або быццам бы ёгурты. Замяняльнікі масла».

Гэта не палітычныя прэтэнзіі… Спажыўцы кажуць, што расейскія харчовыя тавары саступаюць па якасці беларускім і ўкраінскім.

Імпарт ад паўднёвай суседкі прыкметна скараціўся праз 9 месяцаў пасля пастановы Саўміна Беларусі № 292 аб індывідуальным ліцэнзаванні шэрагу тавараў з Украіны – у тым ліку сокаў, піва і кандытарскіх вырабаў.

«Верагодна з пачатку года колькасць ліцэнзіяў, якія выдаваліся ў дачыненні да харчовых тавараў з Украіны, было зніжанае. Гэта стала ўплываць на змест паліцаў беларускіх крамаў, дзе пачалі знікаць украінскія тавары», – патлумачыў навуковы працаўнік BEROC Алег Мазоль.

Прадукты з расейскім трыкалорам прыкметна разбавілі заходні асартымент сыру і беларускі асартымент гародніны. Эксперт звязвае гэта са змяншэннем дзяржпадтрымання, якая забяспечвала канкурэнтаздольнасць гаспадаркам:

«Ва ўмовах санкцыяў і той эканамічнай сітуацыі, якая складаецца ў Беларусі канкураваць з расейскімі кампаніямі становіцца ўсё складаней і складаней».

Даўгі беларускіх аграрыяў у 2021 годзе перавысілі $ 3 млрд (да $ 2,8 млрд у 2020 годзе). Дзяржава ж не дае ім магчымасці прадаць па рынкавым кошце. Прагноз па інфляцыі ў першым квартале – 10 %. Столь на рост цэнаў – у межах аднаго адсотку на спіс сацыяльна значных айчынных харчоў.

Ці зменіцца карціна з прызначэннем у гэты дзень новага міністра сельскай гаспадаркі? Пытанне рытарычнае.

«Тут ты ўжо прыжыўся і ведаеш сельская гаспадарка і разумееш. Нават ідэалагічна правільна разумееш», – прывітаў яго Лукашэнка.

Міністр адразу ж акрэсліў, што галіна цалкам забяспечвае беларусаў харчамі, а цэнамі круцяць – гандлёвыя сеткі. Новапрызначаны кіраўнік «Белдзяржхарчпраму» – таксама правільна разумее кіраўніка: «Галіны і падгаліны працуюць досыць устойліва»…

Юлія Цяльпук, «Белсат»