Чаго баяцца чальцы выбарчых камісіяў?


Відэа пад #мынебоимся і #референдумубыть створаныя быццам бы пад капірку. Напрыканцы такога відэа чалавек рве аркуш, які нібыта змяшчае пагрозы і кажа, што ён не баіцца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Хочуць прадэманстраваць немагчымасць беларусаў паўплываць на сітуацыю, што нашыя крокі пралічваюцца наперад, што ўсё роўна – то бок яны ў літаральным сэнсе выходзяць і кажуць: мы не баімся, хаця мы бачылі той ліст, там няма запужвання», – сцвярджае прадстаўніца супольнасці «Сумленныя людзі» Алена Жываглод.

Верагодна, аўтары відэа «Мы не баімся» маюць на ўвазе гэтыя ананімныя ўлёткі. У іх неабыякавыя беларусы заклікаюць сябраў выбарчых камісіяў сумленна лічыць галасы на будучым гэтак званым рэферэндуме.

«Усе тыя людзі, якія цяпер ідуць у камісіі, павінны ведаць закон і павінны добра разумець, што за незаконныя дзеянні прадугледжаная адміністратыўная і крымінальная адказнасць. Гэта проста факты, і я не думаю, што гэта можа лічыцца нейкімі пагрозамі», – тлумачыць адмысловы прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у пытаннях выбараў Аляксандр Шлык.

У склад выбарчых камісіяў для правядзення псеўдарэферэндуму ўвайшло 59 тысяч чалавек. У якасці назіральнікаў акрэдытацыю атрымалі 17 642 чалавек. І сярод іх толькі адзін прадстаўнік апазіцыі.

Віталь быў незалежным назіральнікам падчас выбараў прэзідэнта 2020 года. Праз што зазнаў палітычна матываваны пераслед.

«9-га яны яшчэ не змаглі мяне затрымаць, я паспеў схавацца, але 10-га яны мяне ўсё ж такі адшукалі і арыштавалі на 15 содняў, а пасля гэта ўсё пацягнула за сабой крымінальную справу, і мне прыйшлося з’ехаць, пакінуць Рэспубліку Беларусь», – кажа назіральнік Віталь Яфімачкін.

За мяжой ратуецца ад рэжыму Лукашэнкі і незалежны назіральнік з Менску, які пажадаў захаваць сваю ананімнасць:

«Праходзіў вобшук, прыгожы вобшук, як у кіно: з маскамі, аўтаматамі. Дзякуй богу ветліва ўсё было. Данеслі пазіцыю: мы хочам, каб у нас усё было ціха, спакойна, пратэст павінен праходзіць толькі ў ложку».

Пошук ворагаў працягваецца і цяпер. Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў абяцаў разабрацца з кожным выпадкам пагрозаў. Маўляў, на чальцоў выбарчых камісіяў ціснуць псіхалагічна.

«Я цешу сябе надзеяй, што псіхалагічнае ўздзеянне працуе знутры – ёсць такі панятак, як сумленне. У тых людзей, якія цяпер працуюць у камісіях выбарчых, ёсць выбар – яны могуць стаць саўдзельнікамі фальсіфікацыі, а могуць быць сведкамі», – нагадвае адмысловы прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у пытаннях выбараў Аляксандр Шлык.

Пра парушэнні выбарчага заканадаўства ініцыятыва «Сумленныя людзі» прапаноўвае чальцам выбарчых камісіяў паведамляць у тэлеграм-акаўнт @contact2022. Бяспека і ананімнасць гарантуюцца.

Ірына Карніенка, «Белсат»