Пратэстуе не толькі Беларусь. У М’янме выходзяць супраць ураду вайскоўцаў


Учора паліцыя ўжывала вадамёты, гумавыя кулі ды страляла ў паветра, каб разагнаць пратэстоўцаў. Паведамлялася пра сур’ёзныя раненні і дзясяткі арыштаў.

«Мы ладзім дэманстрацыю, каб паведаміць усяму свету, што трэба дапамагчы Мʼянме і яе грамадзянам. Мʼянма хоча быць вольнай».

«Вайскоўцы Мʼянмы зладзілі дзяржаўны пераварот і захапілі ўладу пасля дэмакратычных выбараў. Мы хочам, каб вайскоўцы пагадзіліся з вынікамі выбараў, бо Аўн Сан Суў Чы перамагла на выбарах. НародМʼянмы паўстае, бо хоча, каб Аўн Сан Суў Чы яго ачоліла», – кажуць удзельнікі пратэстаў.

Вайскоўцы кіравалі М’янмай каля паўстагоддзя. У 2015-м годзе да ўлады прыйшла Нацыянальная ліга за дэмакратыю на чале з Аўн Сан Суў Чы. На выбарах летась у лістападзе партыя вайскоўцаў зноў зазнала паразу. Вайскоўцы абвесцілі выбары сфальсіфікаванымі, не падаўшы доказаў фальсіфікацыяў. 1 лютага, у першы дзень працы новага парламенту, яны захапілі ўладу, абвесцілі надзвычайны стан тэрмінам на год, затрымалі лідарку кіруючай партыі ды чальцоў ураду.

Лідар вайскоўцаў, галоўнакамандуючы Мін Аўн Ляйн, упершыню выступіў з тэлезваротам у панядзелак, праз тыдзень пасля перавароту і на трэці дзень пратэстаў, паабяцаўшы новыя выбары і пераход улады да пераможцы.

З асуджэннем выкарыстання сілы супраць пратэстоўцаў выступіла Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў.

«Нашыя калегі ў краіне выказваюць сурʼёзную заклапочанасць у сувязі з паведамленнямі пра ўжыванне сілы супраць дэманстрантаў. Сталы каардынатар ААН у гуманітарных пытаннях Уля Альмгрэн заклікаў сілы бяспекі паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, улучна з правам на мірныя сходы і свабоду меркаванняў. Ён падкрэсліў, што выкарыстанне непрапарцыйнай сілы супраць дэманстрантаў недапушчальнае», – кажа прэс-сакратар Генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык.

Бок народу Мʼянмы занялі і Злучаныя Штаты Амерыкі.

«Нам зразумела, на чыім мы баку. Мы падтрымліваем дэмакратычна абраных прадстаўнікоў народу Мʼянмы. Мы падтрымліваем народ Мʼянмы, які цяпер мірна выходзіць на вуліцы, каб ажыццявіць свае ўніверсальныя правы. Мы падтрымліваем яго», – заявіў прадстаўнік дзярждэпартаменту ЗША Нэд Прайс.

Рада ААН у справе правоў чалавека плануе ў пятніцу адмысловую сесію, прысвечаную сітуацыі ў Мʼянме.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»