Пад Масквой з'явілася сваё Акрэсціна: у камерах людзей больш за месцы, няма бялізны


Цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзянаў пад Масквой, у вёсцы Сахарава, што пад Троіцкам, усё часцей называюць аналагам беларускага Акрэсціна. Увогуле Сахарава – гэта не турма, а шматфункцыйны міграцыйны цэнтр. Праўда, тут жа і калючы дрот, вышка на тэрыторыі, аўтазакі ланцугом стаяць на ўезд. Цяпер сюды пачалі звазіць затрыманых на акцыях пратэсту з Масквы, бо ў ізалятарах скончыліся месцы. Сюды трапілі людзі, якія падчас свайго шпацыру ў Сахарава скандавалі «Пуцін – злодзей».

Умовы ўтрымання ў Цэнтры не нашмат лепшыя за расповеды тых, хто перажыў Акрэсціна. Да арыштаваных не дайшлі некалькі тысяч камплектаў бялізны, якія прадстаўнікі Грамадскай назіральнай камісіі перадалі яшчэ 6 лютага. Людзі спяць на брудных ложках. Матрацы смярдзяць.

«З’явілася інфармацыя ўжо знутры камеры, у кагосьці з затрыманых была магчымасць звязацца праз тэлефон. Яны мелькам абмовіліся, што камера ў падвале, якая зусім не камера, як размеркавальнік. Разлічаная на 10 чалавек. Іх там 25 чалавек без матрацаў, без бялізны», – распавядае Ганна Чумакова, сяброўка затрыманай.

Затрыманыя наракаюць на здзекі ды жорсткае стаўленне мясцовых ахоўнікаў.

«Па словах нашых «калег з аўтазака», ён з Сонцаўскага аддзелу. Калі мы прасілі яго даць нам вады з нашага пакета, ён станавіўся перад краткамі, адкрываў ваду і прагна піў яе, гледзячы на нас».

Уначы на 10 лютага пакінуць сцены Сахарава мусілі некалькі дзесяткаў арыштаваных, аднак іх адмовіліся адпускаць да раніцы. Да 8-й гадзіны ля міграцыйнага цэнтру быў усталяваны блокпост. Паркаваць транспарт дазвалялася на адлегласці не бліжэй за 150 метраў ад уваходу.

«Скаваныя адным ланцугом, звязаныя адной мэтай. Скаваныя адным ланцугом, звязаныя адной мэтай», – скандуюць затрыманыя.

Людзям, якія збіраюцца выйсці з Сахарава ўвечары 10 лютага, Следчы камітэт пагражае крымінальным пераследам і новымі арыштамі. І ў першую чаргу гэта датычыць удзельнікаў відэа «Пуцін-злодзей».

Вольга Гоманава, Белсат