Адны рыхтуюцца – іншых затрымліваюць. Што адбываецца ў Беларусі напярэдадні Усебеларускага народнага сходу


2400 – агульная колькасць дэлегатаў. А яшчэ варта ўлічваць тры сотні гасцей, якім таксама трэба даць прытулак на два дні. Бо сход запланаваны на адзінаццатага і дванаццатага лютага. Мінулы, паводле падлікаў «Еўрарадыё», каштаваў беларусам больш як 3,5 мільярды рублёў.

З аднаго боку, закон «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» дае магчымасць кіраўніку краіны ладзіць такія падзеі ў любы момант. З іншага, легітымнасць і легальнасць прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, мякка кажучы, пад пытаннем. Еўразвяз заклікае афіцыйны Менск замест такіх нарадаў пачаць сапраўдны дыялог для ўрэгулявання сітуацыі ў краіне. Каардынацыйная рада таксама выступіла з заклікам да дэлегатаў – падняць насамрэч важныя пытанні: рэпрэсіі, забарона бел-чырвона-белага сцяга, ґвалт і катаванні.

Расея ў першыя месяцы пасля выбараў неаднаразова заклікала Лукашэнку пачаць дыялог з апанентамі. Цяпер у Крамлі выказваюць спадзеў, што ўсе праблемныя пытанні амбяркуюца заўтра і паслязаўтра, менавіта на сходзе.

«Якія б органы мы ні стваралі, якія б функцыі ім ні надавалі, што бы ні было запісана ў канстытуцыі ды іншых дакументах, значэння не мае. Структура ўлады, якая ў нас склалася, змяніцца ў дадзены момант пры стварэнні якой-небудзь структуры не можа. А тым больш такой аморфнай, як Усебеларускі народны сход», – лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

Пакуль адным свята легітымнасці, іншым – пераслед. За некалькі тыдняў да сходу, а асабліва апошнімі днямі, па ўсёй краіне затрымліваюць актывістаў. Сёння паводле адміністратыўнай справы ў Лідзе забралі гарадзенскага грамадскага актывіста Ежы Грыгенчу. Пратакол на яго склалі яшчэ падчас суда паводле крымінальнай справы супраць Вітольда Ашурка, які атрымаў 5 гадоў адразу паводле двух артыкулаў: удзел у групавых дзеяннях і ґвалт над міліцыянтамі.

«Я думаю, што мяне выклікаюць у сувязі з тым, што быў суд над Ашуркам. Яны там хочуць прыпісаць альбо пікет, альбо масавы сход. Але мы ж паехалі толькі падтрымаць сябра. Я там не крычаў, не біўся, нічога не рабіў», – паспеў сказаць перад затрыманнем грамадскі актывіст Ежы Грыгенча.

Праўда, як кажа сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, затрыманні, штрафы, арышты і надзвычай жорсткія прысуды – гэта новая шэрая беларуская рэчаіснасць.

«Зараз затрыманні адбываюцца кожны дзень. Прысудаў выносяць фактычна па некалькі ў дзень. Па 15, па ледзь не 20 крымінальных працэсаў адбываецца штодня. Таму на гэтым фоне вылучаць выпадкі нейкіх затрыманняў вельмі складана. У нас у прынцыпе сітуацыя ў поствыбарчы перыяд катастрафічная», – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Першапачаткова ўлады намагаліся дадаць Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйныя паўнамоцтвы. Але хутка адмовіліся ад такіх планаў, што ёсць наўпроставым парушэннем галоўнага закону краіны.

Надзея Бельская, «Белсат»