Казахстан падлічыў пострэвалюцыйныя страты


У Казахстане сёння афіцыйны Дзень жалобы. Акрамя чалавечых ахвяраў, паводле падлікаў уладаў, масавыя беспарадкі, якія агарнулі краіну пасля раптоўнага падвышэння цаны на газ, прынеслі Казахстану прыкладна 200 мільёнаў долараў ЗША стратаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Амаль 8 тысячаў затрыманыя і больш за 160 асобаў – забітыя. Міністэрства ўнутраных справаў Казахстану падсумавала чалавечыя страты і рэакцыю сілавых структураў на масавыя беспарадкі ў краіне.

«Стала відавочная галоўная мэта – зрыў канстытуцыйнага ладу, разбурэнне інстытутаў кіравання, захоп улады. Гаворка пра спробу дзяржаўнага перавароту», – заявіў прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.

Аб прычынах беспарадкаў улады краіны абяцаюць распавесці пазней – пасля таго як спецслужбы завершаць расследаванне. Пры гэтым чыноўнікі падкрэсліваюць, што сярод затрыманых вялікую колькасць складаюць замежныя грамадзяне, а таксама называюць беспарадкі гібрыднай атакай на дзяржаву. Штопраўда, у дзяржаўных медыях паказалі толькі аднаго гэткага «іншаземнага тэрарыста». Пасля скандалу, што ўспыхнуў пасля таго, як у затрыманым пазналі вядомага кыргызскага піяніста Вікрама Рузахунава, які прыехаў у Казахстан на гастролі, мужчыну вызвалілі.

«Гэта, атрымліваецца, быў наступны шлях. Я пачуў ад сукамернікаў, што калі зрабіць гэткую заяву, нібы табе прапаноўвалі грошы і ты прыляцеў на мітынг, то цябе адразу экспартуюць у Бішкек. Гэта быў гэткі шлях, і таму я пастанавіў агаварыць сябе», – тлумачыць Рузахумаў.

Таксама з прычыны правядзення дасудовага расследавання не паведамляюцца падрабязнасці смерці адразу шэрагу высокапастаўленых сілавікоў, целы якіх былі знойдзеныя гэтымі днямі. У прыватнасці ў Алматы на працоўным месцы памёр адзін з намеснікаў начальніка раённага ўпраўлення паліцыі. Паведамляецца, што ў палкоўніка нібыта не вытрымала сэрца.

Валера Руселік, «Белсат»