1 траўня было ўсё: і пратэсты, і кроў, і чалавечыя ахвяры


1 траўня было ўсё: і пратэсты, і барацьба, і кроў, і чалавечыя ахвяры. Нагодаю адзначаць гэты дзень стаў буйны страйк амерыканскіх працоўных, якія дамагаліся 8-гадзіннага працоўнага дня.

«У Чыкага 1 траўня 1886 года, калі ў сутыкненнях з паліцыяй загінула некалькі дзясяткаў чалавек, быў судовы працэс, былі выбухі», – распавядае гісторыі Андрэй Чарнякевіч.

Адзначаючы Першамай, увесь свет выказваў салідарнасць з людзьмі, якія загінулі ў Дзень працы. У Савецкім Саюзе 1-га траўня набыло іншы сэнс.

«Яно паціху набыло характар фармальны, абавязковы, пафасны, пампезны. Ідуць з дзецьмі, жонкамі і гэтак далей. Карацей, гэтае свята было было пакліканае паказаць шчасце працоўнага люду ў Савецкім Саюзе», – кажа гісторык Ніна Стужынская.

Прымусовае свята не адмянілі і пасля чарнобыльскага выбуху

«Гэта поўная кампраметацыя, калі людзей выгналі пад гэтымі лозунгамі насуперак той смяротнай небяспекі, якая існавала. Гэта яшчэ адно тлумачэнне, чаму ў Беларусі першага траўня – гэта свята з кантэкстамі, свята, калі хочаце, са слязамі на вачах», – мяркуе спадар Чарнякевіч.

У часы галоснасці ілюзія шчасця савецкіх працоўных распусцілася

«Калі ў 90-я гады Савецкі Саюз разваліўся, то ўсе з палёгкаю ўздыхнулі, што не трэба абавязкова хадзіць», – падкрэсліла Ніна Стужынская.

Усе на пратэсты!

Хадзіць жа давялося на акцыі пратэсту, самыя буйныя з якіх былі ў беларускай сталіцы – у 1991 годзе на плошчы Леніна сабраліся блізу 100 тысячаў чалавек. Калі ў Расеі ды ва Украіне страйкавалі толькі гарнякі, у нашай краіне пратэставалі рабочыя бадай усіх сталічных прадпрыемстваў. Нагодай для страйкаў стаў шалёны рост коштаў.

«Праходзілі гэтыя акцыі на працягу месяца. З перапынкамі: напрыклад, 3 дні ішлі страйкі, пасля на рашэнне менскага страйкаму, сустаршынёю якога нараўне з Антончыкам і Мухіным быў я, стачкам прымаў рашэнне, у стачкаме было каля 100 чалавек – старшыні стачкамаў заводаў. Тры дні мы баставалі пасля тры дні вялі перамовы з урадам», – узгадвае прафсаюзны лідар Генадзь Быкаў.

З абраннем жа першага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў краіне запрацавала рэпрэсіўная машына, уведзеная кантрактная сістэма дазволіла лёгка пазбаўляцца ад рабочых, што маглі б ачоліць пратэст.

Затое ў краіне пачалі пратэставаць беспрацоўныя, абкладзеныя падаткам на дармаедства.

Вольга Старасціна, «Белсат»