$ 1,5 млн: Лукашэнка плаціў КДБ за арганізацыю забойстваў


У 2012 годзе КДБ Беларусі на замову Лукашэнкі рыхтавала забойствы ягоных палітычных апанентаў! Пра гэта сведчыць спраўджаны еўрапейскімі адмыслоўцамі аўдыязапіс з кабінету тагачаснага кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава. Першаю на сенсацыйныя факты адрэагавала Украіна, паколькі на яе тэрыторыі забілі выбухам журналіста Паўла Шарамета, які ўваходзіў у пералік «Мэтаў» рэжыму. Юлія Цяльпук працягне тэму.

Ліпень 2016-га года, падкладная пад аўтамабіль бомба забіла Паўла Шарамета, уплывовага журналіста, асабістага ворага Лукашэнкі. Затрымалі імаверных выканаўцаў, а 4-га студзеня выбухнула бомба інфармацыйная:

З запісу на канале «Беларускі Народны Трыбунал»:

«Па Шарамету трэба спрацаваць, які за***ў б**ь. Зробім закладку нейкую і гэтак далей, каб гэтага б***ь пацука зусім б***ь ні рук, ні ног не збяруць. Усё каб было як натуральным чынам, але гэта не так уздзейнічае на свядомасць людзей».

Голас з запісу належыць былому кіраўніку Камітэту Дзяржбяспекі Беларусі Вадзіму Зайцаву, які 11-га красавіка 2012-га года сабраў нараду, прысвечаную ліквідацыі крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі ў замежжы.

З запісу на канале «Беларускі Народны Трыбунал»:

«Прэзідэнт чакае дакладных мерапрыемстваў, і камітэту даручана займацца гэтымі справамі… Зразумелыя таксама метады, якімі мы павінныя будзем дзе каго ўтапіць, дзе каго расстраляць – гэта зразумела»…

Аўтары публікацыі восем гадоў чакалі на вынікі расследавання і правяранняў на праўдзівасць гэтай (таемна запісанай) злачыннай размовы. Следства амаль скончылася.

Ігар Макар з праекту «Беларускі Народны Трыбунал» запэўніў нас:

«Зробленая была фонаскапічная экспертыза, далей будзе зробленая экспертыза bellingcat той прылады, на якой быў зроблены запіс. Адзін з былых супрацоўнікаў камітэту Дзяржбяспекі цяпер знаходзіцца ў адной з краінаў Еўразвязу. Ён мае непасрэдную сувязь з людзьмі, якія размаўлялі з тагачасным старшынём КДБ і які гатовы будзе даць свае паказанні ў Еўрапейскім судзе».

Паводле 21-хвіліннга аўдыязапісу, на забойствы Лукашэнка мог выдаткаваць камітэту паўтара мільёны долараў. У Нямеччыне – меліся «прыбраць» былога камандзіра брыгады беларускага спецназу палкоўніка Уладзімера Барадача. Вячаслава Дудкіна, які выкнонваў абавязкі начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй. Расправа чакала таксама былога начальніка СІЗА №1, які сведчыў пра палітычныя забойствы выканаўцамі Лукашэнкі на мяжы стагоддзяў.

«Я ў прынцыпе чакаў. Але не ведаў як гэта будзе выглядаць. Як правіла шукаюць выканаўцаў сярэдняга ўзроўню. Хто б там здзівіўся, калі нейкі бандыт забіў бы начальніка турмы», – разважае спадар Алкаеў.

Ён знаходзіцца на ўліку спецслужбаў Нямеччыны, якія двойчы папярэджвалі пра магчымую небяспеку. Пасля гэтага, у тым жа 2012-ым годзе Алкаеў напісаў ліст да кіраўніка КДБ Зайцава, копію якога толькі сёння паказаў «Белсату»:

«Я думаю ён прачытаў ліст, і перадусім задумаўся, што ягоны план раскрыты, а калі план раскрыты, наступствы для яго могуць настаць найсумнейшыя, – рэзюмаваў.

Праз тры месяцы пасля нарады аб забойствах Лукашэнка вызваліў Зайцава з займанай пасады. Якія карэктывы спецслужбы ўнеслі ў план помсты – не вядома. Журналіста беларускага паходжання Паўла Шарамета ўзарвалі ўжо пасля пераезду з Расеі ва Украіну, праз 4 гады. Маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў, які таксама быў «мэтаю» антытэрарыстычнай групы «Альфа» у Маскве, застаўся жывы.

«Мяркую (гэта мая здагадка), што недзе яны памыліліся і гэтую аперацыю згарнулі. Але не адмовіліся. Расейскія спецслужбы працуюць на ўзроўні вельмі сур’ёзных тэхналогіяў. Калі б такое здарылася, адкапалі б. Ёсць СМІ, якія б адразу гэтую тэму ўзнялі».

2020 год паказаў, што ўлада перастала звяртаць увагу на грамадскае меркаванне. А яе апанентаў зрабілася безліч.

Падпалкоўнік у адстаўцы Мікалай Казлоў зазначае:

«Настаў час, калі ўсё таемнае робіцца яўным. Я пераконваю вас, што міне час і знойдуцца яшчэ запісы, дакументы, якія будуць паказваць людзям, наколькі злачынны гэты рэжым, наколькі ён гатовы надалей ісці на злачынствы».

Пасля жнівеньскіх выбараў свой характар рэжым паказаў усяму свету. Новыя сведчанні і доказы забойстваў, катаванняў і гвалту супраць мірнага насельніцтва кладуцца побач са старымі. Што датычыць справы 2012-га году, то яна мае зрабіцца крымінальнаю. Група асобаў, якіх планавалі забіць, рыхтуюцца да звароту ў Еўрапейскі суд.

Юлія Цяльпук, «Белсат»