Дыспетчар распавёў, як КДБ захапіў самалёт з Пратасевічам


Вымушаная пасадка самалёта Ryanair у траўні з апазіцыйным журналістам Раманам Пратасевічам на борце – гэта спецаперацыя беларускага КДБ. Пра гэта еўрапейскім спецслужбам паведаміў непасрэдны ўдзельнік падзеяў, былы авіядыспетчар менскага аэрапорту Алег Галегаў, паведамляе The New York Times. Зараз ягоныя паказанні могуць з’явіцца падставай для перадачы справы аб захопе самалёту беларускімі ўладамі ў Міжнародны суд ААН.

23 траўня на змене ў менскім аэрапорце дзяжурыў дыспетчар Алег Галегаў. Менавіта ён паведаміў камандзіру экіпажу Ryanair ілжывую інфармацыю пра бомбу на борце. Неўзабаве пасля інцыдэнту Галегаў разам з сям’ёй пераехаў у Польшчу і цяпер дае паказанні ў якасці асноўнага сведкі.

«У той ключавы момант разварот самалёту ў аэрапорт Беларусі ажыццяўляўся пад кантролем супрацоўніка КДБ Беларусі, ён зʼявіўся ў дыспетчарскай, абвясціў пэўныя рашэнні і ўказанні дыспетчару, які меў зносіны з пілотам», – заявіў прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын.

Паказанні сведкі пацвярджаюць версію аб тым, што беларускія спецслужбы пасадзілі заходні самалёт толькі таму, што на яго борце быў беларускі журналіст.

«Адназначна мы мелі справу са спецаперацыяй беларускіх спецслужб, якая мела на мэце захоп Рамана Пратасевіча ў аэрапорце ў Менску, каб яго арыштаваць», – адзначыў Станіслаў Жарын.

У Беларусі артыкул New York Times назвалі «інфармацыйным укідам». Паводле дырэктара авіяцыйнага дэпартаменту Арцёма Сікорскага, рашэнне аб пасадцы ў Менску нібыта прыняў сам пілот, а дыспетчар не мог аказваць на яго ціску.

«Інфармацыя, якая зʼявілася ў New York Times, прызначаная найперш для абывацеля, для грамадскасці, для тых, хто не разбіраецца ў спецыфіцы грамадзянскай авіяцыі. Для нас, прафесіяналаў, гэтая інфармацыя бессэнсоўная і нават смешная», – падкрэсліў Арцём Сікорскі.

Зʼяўленне такога важнага сведкі, як Галегаў, павялічвае шанцы перадачы справы аб угоне самалёту спецслужбамі Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд, заявіў кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі:

«Мы вельмі спадзяемся, што Польшча сурʼёзна паставіцца да гэтай інфармацыі, што яна выкарыстае яе для падрыхтоўкі пазову ў міжнародны суд».

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі ICAO двойчы адкладала публікацыю канчатковай справаздачы аб інцыдэнце з самалётам Ryanair.

«Сам факт зʼяўлення гэтага паведамлення ў сусветных СМІ значыць, што ICAO не зможа выпусціць справаздачу без уліку гэтых падзеяў. Ім прыйдзецца даць такую ацэнку, і, на мой погляд, двух меркаванняў быць не можа. Гэта даволі відавочна», – упэўнены прадстаўнік па юрыдычных пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк.

Самалёт кампаніі Ryanair здзейсніў вымушаную пасадку ў аэрапорце Менску 23-га траўня пасля таго, як атрымаў ад беларускіх дыспетчараў інфармацыю аб «мінаванні». Лятак развярнулі амаль каля самае літоўскае мяжы, а ў неба паднялі вайсковы знішчальнік МіГ. Блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Соф’ю Сапегу, якія ляцелі гэтым рэйсам, затрымалі ў менскім аэрапорце.

Неўзабаве пасля інцыдэнту краіны Еўразвязу ўвялі новы пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Між іншага, беларускім самалётам забаранілі лятаць у паветранай прасторы абʼяднанай Еўропы.

Антон Каменскі, «Белсат»