У ЗША адбываюцца прамежкавыя выбары


З музыкай і на конях: так жыхары гораду Фенікс, штат Арызона, ішлі ўдзельнічаць у прамежкавых выбарах у Сенат і Палату прадстаўнікоў ЗША. Вынікі гэтых выбараў паўплываюць на далейшыя два гады прэзідэнцтва Джо Байдэна і палітыку ЗША, у тым ліку на падтрыманне Украіны ў вайне з Расеяй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Самае галоўнае – зрабіць гэта захапляльным, ці не так? Зрабіць захапляльным тое, што мы прыйшлі галасаваць. Сёння дзень выбараў. На карту пастаўлена шмат на гэтых выбарах, як і на любых іншых», – дзеліцца ўражаннямі жыхар Фенікса Крыст’ян Авіла.

Усе штаты скончылі галасаваць на прамежкавых выбарах, падчас якіх амерыканцы цалкам пераабіраюць Палату прадстаўнікоў, траціну Сенату, заканадаўчы сход і губернатараў у шмат якіх штатах.

«Калі вы верыце ў свабоду, працавітасць і амерыканскую мару, гэтыя вынікі даказалі, што для вас ёсць месца ў рэспубліканскай партыі. Сёння ўвечары мы замацавалі дасягненні двухгадовай даўніны, і цяпер ясна, што мы збіраемся вярнуць Белы Дом», – заявіў на выбарах Кэвін Маккарці з рэспубліканскай партыі ЗША.

Прамежкавымі выбары называюцца таму, што праходзяць пасярод прэзідэнцкага тэрміну. І, як паведамляюць амерыканскія медыі, рэспубліканцы бліжэйшыя да перамогі. Пакуль працягваецца падлік галасоў у Палату прадстаўнікоў, расклад сілаў у Сенаце ўжо вызначаны – у дэмакратаў 46 месцаў, а ў рэспубліканцаў – 47.

Апошнія два гады Дэмакратычная партыя кантралявала абедзве палаты Кангрэсу. У Сенаце была роўнасць, але ў дэмакратаў была перавага, бо вырашальным быў голас віцэ-прэзідэнта ЗША Камалы Гэрыс.

Першы важны вынік выбарчай ночы – перавыбранне губернатара штату Флорыда, уплывовага рэспубліканца Рона ДэСантыса.

«Вельмі ўсхваляваны, вельмі пазітыўны. З нецярплівасцю чакаю таго, што нам прынясуць наступныя чатыры гады ў вялікім штаце Флорыда пад кіраўніцтвам губернатара Рона ДэСантыса», – радуецца перамозе ДэСантыса жыхар Флорыды Гавантэ Тэгі.

Аднак вынікамі галасавання ў штаце засталіся задаволеныя не ўсе рэспубліканцы. Даведаўшыся пра перамогу ДэСантыса, Доналд Трамп тут жа публічна парэкамендаваў губернатару ўстрымацца ад магчымага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. І нават прыгразіў апублікаваць кампрамат на яго, які нібыта ён меў.

«Не ведаю, ці будзе ён удзельнічаць у выбарах. Я думаю, калі ён будзе ўдзельнічаць у гонцы, ён можа вельмі моцна пацярпець. Думаю, ён дапусціць вялікую памылку, выбарнікам гэта не спадабаецца. Не думаю, што гэта будзе добра для партыі. Я ведаю пра яго больш, чым хто-небудзь, можа быць, за выключэннем ягонай жонкі», – каментуе былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Амерыканскія медыі ўжо пісалі пра намёк Доналда Трампа ў бліжэйшы час абвесціць аб намеры высунуць сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта ЗША ў 2024 годзе.

Паводле інфармацыі выдання New York Times, у амерыканскі Сенат пераабраны рэспубліканец Рэнд Пол, які блакаваў вайсковую дапамогу Украіне.

У траўні 57 рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў і адзінаццаць сенатараў-рэспубліканцаў прагаласавалі супраць пакету дапамогі Украіне на суму 40 мільярдаў долараў і патрабавалі, каб Кіеў больш скрупулёзна даваў справаздачу аб тым, як выкарыстоўваюцца амерыканскія грошы і зброя.

Пры гэтым у інтэрв’ю CNN лідар Рэспубліканскай партыі ЗША Кевін Макарці раней казаў, што рэспубліканцы гатовыя працягваць аказанне ваеннай дапамогі Украіне.

Ала Пірумава, «Белсат»