Эксперт: тэтрапак-абсталяванне адаптоўваюць пад бутэлькі


За амаль тры дзясяткі гадоў рэжыму ўдалося пабудаваць дыктатуру, але не ўдалося – наладзіць вытворчасць сучаснай упакоўкі – слушна заўважыў эксперт «Белсату» Віталь Алейнік. Пасля заявы кіраўніка Мінсельпраду пра тое, што вырашаныя праблемы дэфіцыту тэтрапакетаў на вытворчасцях, рэдакцыя пацікавілася, чым замяшчаем гэты від упакоўкі і дзе будзем як набываць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Любімыя прадукты ў любімай краме, а ў прыватнасці сокі і малочную прадукцыю пазнаем па ўпакоўцы. І менавіта з ёю ў беларускіх крамах вялікія праблемы.

Пасля таго як Еўразвяз забараніў пастаўкі ўпакоўкі Tetra Pak у Расею і Беларусь, вытворцы пачалі выкарыстоўваць рэшткі завезенай раней упакоўкі. Што здараецца дагэтуль і збівае пакупнікоў з панталыку.

У бабруйскай малочнай краме пакупнікі заўважылі партыю вяршкоў у пудэлках ад шакаладнага кактэйлю.

Трапляліся таксама вяршкі ў літровай упакоўцы для малака вытворчасць сталічнага прадпрыемства «Малочны гасцінец».

Прыклад хуткага антыкрызіснага рэбрэндынгу пакавання – на пакетах ваўкавыскага «Беллакту». З аднаго боку чытаем «МАЛАКО», з іншага – «ЁГУРТ». Але ўнутры ні тое і ні сёе, а смятана – паведаміў чытач malanka.media.

Такія непаразуменні скончацца разам з запасамі ўжо надрукаванай упакоўкі.

Глядачка «Белсату» напісала ў наш чат-бот:

«Горад Менск, Сухарава. У крамах АЛМІ, Еўраопт, Суседзі няма малака ў тэтрапакетах».

Як ратуюць аб’ёмы продажаў, замяшчаючы ўпакоўку – распавёў эканаміст Аляксей Харкевіч, які раней суправаджаў праекты па пастаўках абсталявання ў Беларусь.

«Нашыя беларускія прадпрыемствы, маючы ўжо гэтыя лініі, яны вельмі часта праводзяць тэндары па пераабсталяванні. Для таго каб лінія пакавання тэтрапаку працавала, як і раней, але каб у звычайную бутэльку можна было ўрэшце рэшт заліваць зробленае малако», – кажа эканаміст.

То бок у пластыкавыя бутэлькі, што мае некаторыя абмежаванні, як тэрмін прыдатнасці, а таму і тэрмін рэалізацыі малака.

«У нас уводзяцца гэтыя абмежаваныя надбаўкі ў тым ліку і на малочную прадукцыю. А калі гэтае малако яшчэ і будзе скісаць, не даходзячы да пакупніка, гэта будзе яшчэ больш зніжаць эфектыўнасць продажу гэтай таварнай групы. Канешне калі яно доўга стаіць на паліцах, то можа надбавіць 20 %. Але калі трэба хутка рэалізаваць – то трэба часцей завозіць, што будзе дорага».

Чыноўнікі прызнавалі, што брак упакоўкі нашкодзіў экспарту малочнай прадукцыі. На прыкладзе адной з расейскіх інтэрнэт-крамаў пацвярджаем – «часова адсутнічае» больш за палову беларускай малочкі. Ці надоўга?

«А як я магу вам сказаць прагноз і хтосьці можа сказаць?» – адказала працаўніца крамы.

Прыкметаю дэфіцыту тэтрапаку ў Расеі і Беларусі стала знікненне з упакоўкі колераў. На задняй частцы тэтрапакетаў – цалкам. «Белсат» запытаўся ў расейскага пастаўляльніка «Сады придонья», у чым справа?

«У сувязі з санкцыямі была недастатковая колькасць фарбы ў тэтрапаку. Таму было прынятае рашэнне друкаваць такую малаколеравую ўпакоўку. Цяпер усё нармалізавалася. Цяпер гэта будуць ужо іншыя фабрыкі. У якіх свае фарбы. Упакоўка безумоўна будзе якасная. Такі самы ламінаваны кардон тыпу тэтрапак», – адказалі ў прыёмнай.

Напярэдадні кіраўнік Мінсельпраду заявіў, што і ў Беларусі пытанне дэфіцыту тэтрапаку вырашанае, у тым ліку праз еўрапейскіх пастаўляльнікаў. Фінансіст Віталь Алейнік кажа, што знойдуцца бізнесоўцы, якія захочуць зарабляць на абыходзе санкцыяў. Не адмовіцца зарабіць Кітай і, магчыма, Турцыя. Расейскія прадпрыемствы таксама могуць наладзіць пастаўкі сваіх аналагаў тэтрапаку. Напрыклад, профільны башкірскі вытворца.

«Так, гэта можа спрацаваць, але трэба разумець, што якасць такой прадукцыі непараўнальна ніжэйшая за арыгінал. Калі дазволіце, магу правесці паралель. Замест вядомага брэнду туалетнай паперы »Зева« цалкам магчыма карыстацца газетнай паперай», – параўнаў фінансіст Віталь Алейнік.

І чацвёрты заяўлены Менскам план – уласная вытворчасць. Такую ўжо амаль тузін гадоў наладжваюць у Бярозе на Берасцейшчыне. Паводле розных ацэнак, укінулі $ 50-70 млн.

«Варта зразумець, што такога тыпу праект патрабуе не столькі ўсталявання пэўнага абсталявання, як здабыцця ноў-хаў, якія назапашваюцца, як у той жа Швецыі, гадамі. А таксама наладжвання каналаў паставак якаснай сыравіны», – лічыць Віталь Алейнік.

Здавалася б, тэтрапак – гэта 75 % кардону, 22 % поліэтыленавай плёнкі 3 % алюмініевай фольгі, пераслоеных некалькі разоў. Аднак для вырабу тэтрапаку надаецца толькі якасная стандартызаваная сыравіна.

«У Tetra Pak тысячы водгукаў ад вытворцаў. Ва ўпакоўцы няма вуглярод-фторыстых рэчываў, якія шкодзяць навакольнаму асяроддзю», – кажа дырэктарка маркетынгу Tetra Pak France&Benelux Сара Нэрбон.

Працэс перапрацоўкі тэтрапаку, тым не менш, вельмі складаны, але ў стагоддзе спажывання тэхналогія ўсё адно не мае канкурэнцыі, бо забяспечвае доўгі тэрмін захоўвання, мала важыць, а дзякуючы прамавугольнай форме эфектыўная ў транспартаванні і захоўванні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»